Да манэўраў пад Берасьцем на мяжы з Польшчай беларускія і расейскія вайскоўцы залучылі гелікоптэры і артылерыю — «зьнішчаюць умоўных баевікоў», паведамляе «Інтэрфакс» з спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.
«Адпрацоўвалася блякаваньне паселішча, перасьлед груповак умоўных тэрарыстаў і зьнішчэньне незаконных узброеных фармаваньняў з этапам баявой стральбы і нанясеньнем удараў армейскай авіяцыяй і артылерыяй», — паведамляе ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка маюць намер праводзіць сумесныя вучэньні штомесяцРасея накіравала ў Беларусь каля 300 вайскоўцаў і 70 адзінак тэхнікі дэсантна-штурмавога палку Пскоўскай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў. Беларусь выставіла паўтысячы байцоў з падразьдзяленьняў сілаў спэцыяльных апэрацыяў і 100 адзінак тэхнікі.
Таксама плянаваўся ўдзел салдатаў і афіцэраў з Сэрбіі, аднак пад ціскам Эўразьвязу сэрбскае камандаваньне ад манэўраў адмовілася.
Вучэньні маюць завяршыцца 25 верасьня. Пры гэтым на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што ў кастрычніку пройдзе другі этап «Славянскага братэрства — 2020».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пскоўскія дэсантнікі прыбылі ў Беларусь на вучэньні «Славянскае братэрства», сэрбы не прыехаліВучэньні праходзяць на фоне абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў
Беларусі, дзе працягваюцца акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.