Памерла судзьдзя Вярхоўнага суду ЗША Рут Бэйдэр Гінзбург

Рут Бэйдэр Гінзбург

18 верасьня ў Вашынгтоне ва ўзросьце 87 гадоў памерла судзьдзя Вярхоўнага суду Злучаных Штатаў Рут Бэйдэр Гінзбург. Кіраўнік рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце сэнатар Міч Макконэл заявіў, што Сэнат разгледзіць кандыдатуру на пасаду чальца Вярхоўнага суду, якую мерыцца прадставіць прэзыдэнт Дональд Трамп яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў.

Рут Бэйдэр Гінзбург, бацька якой іміграваў у ЗША з Адэсы, стала другой жанчынай-судзьдзёю Вярхоўнага суду краіны. Яна была намінаваная на гэтую пасаду ў 1993 годзе прэзыдэнтам Білам Клінтанам і з часам стала сымбалем лібэральнага крыла Вярхоўнага суду. Пры яе ўдзеле прынятыя рашэньні, якія пацьвярджаюць права жанчын на аборты, канстытуцыйнасьць аднаполых шлюбаў, правы расавых меншасьцяў, яна была сярод судзьдзяў, якія пацьвердзілі законнасьць рэформы сыстэмы мэдычнага страхаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнатар ЗША: Я сумняваюся, што Трамп пагодзіцца на санкцыі супраць Лукашэнкі

Яе сьмерць ад раку падстраўнікавай залозы стала даволі нечаканай, бо былі паведамленьні, што курс лячэньня ідзе пасьпяхова.

Сьмерць судзьдзі напэўна выкліча палітычныя сваркі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, бо ў рэспубліканцаў зьявілася магчымасьць зацьвердзіць надзейную кансэрватыўную большасьць у Вярхоўным судзе. У цяперашнім складзе суду пяць судзьдзяў прызначаныя прэзыдэнтамі-рэспубліканцамі, чацьвёра — прэзыдэнтамі-дэмакратамі. Зьяўленьне ў складзе суду шостага кансэрватыўнага юрыста рэзка зьменіць балянс сілаў у вельмі важнай для краіны галіне ўлады, якая нярэдка ацэньвае канстытуцыйнасьць рашэньняў Кангрэсу і ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Эўразьвяз узгадняюць палітыку санкцыяў для Беларусі

Заява Міча Макконэла пра гатоўнасьць разгледзець кандыдатуру судзьдзі, прапанаваную прэзыдэнтам Трампам, усяго за паўтара месяца да прэзыдэнцкіх выбараў, выклікала рэзкую крытыку з боку дэмакратаў, якія нагадваюць, што Макконэл ў 2016 годзе адмовіўся даць хаду ў Сэнаце кандыдатуры чальца Вярхоўнага суду, прапанаванай прэзыдэнтам Баракам Абамам больш чым за паўгоду да выбараў. Макконэл спасылаўся на тое, што гэтае права павінна быць у прэзыдэнта, які пераможа на выбарах.