Дачка зьняволенага Віктара Бабарыкі Марыя апублікавала відэазварот, у якім зачытала ліст бацькі — у дзень, калі мінула тры месяцы зь яго затрыманьня, і падзякавала беларусам.
Марыя дзякуе штабу Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай радзе, адвакатам, журналістам, валянтэрам і «ўсім беларусам, якія кожны дзень зьдзяйсьняюць свой подзьвіг».
«Самае складанае ў сёньняшняй сытуацыі для мяне — гэта паверыць ува ўвесь крэатыў і пазытыў, які вы ўсё апісваеце ў сваіх лістах, — перадае яна словы зь ліста Віктара Бабарыкі. — Бо менавіта гэтага і не ставала нам у жыцьці.
Мы з вамі заўсёды кажам, што вось бы і ў нас у Беларусі можна было б сустрэць шчасьлівых, усьмешлівых людзей. Каб можна было ня бачыць змрочных, панурых людзей, якія баяцца радавацца. Закрытасьць — найбольшая нашая праблема. І калі гэта ўдалося зьмяніць, то гэта і ёсьць сапраўдная перамога!
Асноўная мэта любых дзеяньняў — людзі. Толькі яны вызначаюць посьпех усякага праекту, іх задаволенасьць і радасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку ў СІЗАБылы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, які спрабаваў стаць кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама ягоны сын Эдуард Бабарыка ад 18 чэрвеня знаходзяцца ў зьняволеньні паводле абвінавачаньняў у эканамічных злачынствах.