Рада правоў чалавека ААН (РПЧ), якая месьціцца ў Жэнэве, заклікала ўлады Беларусі пачаць дыялёг з Каардынацыйнай радай апазыцыі. Пра гэта гаворыць рэзалюцыя, прынятая 18 верасьня на прапанову Нямеччыны ад імя Эўразьвязу ў выніку дыскусіі аб сытуацыі ў краіне.
Як паведамляе БелаПАН, за рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць — 2, устрымаліся — 22.
РПЧ шкадуе, што ўрад Беларусі «ня выканаў сваіх абавязаньняў што да права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на сапраўдных пэрыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаваньні, якія гарантуюць свабоднае волевыяўленьне выбарнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На месцы Лукашэнкі я асьцерагаўся б адзіных сьцягоў — расейскіх», — віцэ-міністар замежных справаў ПольшчыРада заклапочаная парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку катаваньнямі зьняволеных і «актамі адвольнага пазбаўленьня жыцьця». У рэзалюцыі таксама адзначана, што ў Беларусі абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў СМІ, пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных СМІ, блякуецца доступ да інтэрнэту.
РПЧ заклікае ўлады Беларусі спыніць «ужываньне празьмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя для годнасьці віды абыходжаньня і пакараньня і гвалтоўныя зьнікненьні», а таксама спыніць адвольныя затрыманьні і арышты з палітычных матываў.
«РПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, чальцоў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і затрыманых перад, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі: адказ на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць працу замежных СМІ ў БеларусіРада «заклікае ўлады Беларусі ўступіць у дыялёг з палітычнай апазыцыяй, у тым ліку з Каардынацыйнай радай і грамадзянскай супольнасьцю, каб гарантаваць павагу заканадаўства аб правах чалавека, у тым ліку грамадзянскія і палітычныя правы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.