Урад ЗША заявіў у пятніцу, што забароніць мабільныя аплікацыі WeChat і TikTok, якія належаць Кітаю. Зь нядзелі, 20 верасьня, забаронена распаўсюджваць або падтрымліваць WeChat праз амэрыканскія інтэрнэт-крамы.
Акрамя таго, з гэтага ж дня забаронена пераводзіць грошы ў ЗША з дапамогай WeChat ці апрацоўваць аплаты. Тыя ж захады да TikTok пачнуць дзейнічаць з 12 лістапада.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі плян пашырэньня ВМС для супрацьстаяньня Кітаю«Сёньняшнія рашэньні яшчэ раз даказваюць, што прэзыдэнт Трамп зробіць усё, што ад яго залежыць, каб гарантаваць нашу нацыянальную бясьпеку і абараніць амэрыканцаў ад пагрозаў Камуністычнай партыі Кітаю», — гаворыцца ў заяве міністра гандлю ЗША Ўілбура Роса.
Рашэньне прынятае адпаведна распараджэньню прэзыдэнта ад 6 жніўня, у якім ён сьцьвярджаў, што TikTok і WeChat зьбіраюць зьвесткі пра амэрыканскіх карыстальнікаў, да якіх могуць мець доступ кітайскія ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook упершыню выдаліў допіс Трампа, Twitter — забаніў рахунак ягонага штабуЦяпер TikTok вядзе перамовы з амэрыканскім вытворцам праграмнага забесьпячэньня Oracle і можа абвясьціць аб угодзе, якая супакоіць засьцярогі ўраду Трампа. Міністэрства гандлю заявіла, што прэзыдэнт даў аплікацыі TikTok час да 12 лістапада прыняць захады, якія б зьліквідавалі пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША ад дзейнасьці аплікацыі. У выпадку выкананьня гэтых захадаў забарону могуць скасаваць.
«Што да TikTok, то адзінай рэальнай зьменай на ноч пасьля нядзелі будзе тое, што карыстальнікі ня мецьмуць доступу да палепшаных абноўленых аплікацыяў і тэхнічнага абслугоўваньня», — сказаў міністар Рос.
Пагрозу з боку гэтых аплікацыяў ён параўнаў з вакном паміж ЗША і Кітаем, якое дазваляе Пэкіну зазірнуць у паўсядзённае жыцьцё амэрыканцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія палітыкі ставяць пад сумнеў расейскі газавы праект пасьля атручэньня НавальнагаМіністэрства гандлю заявіла, што WeChat і TikTok зьбіралі інфармацыю ад сваіх карыстальнікаў, уключаючы дадзеныя пра месца іх знаходжаньня, актыўнасьць у Сеціве і гісторыю праглядаў. Як кітайскія кампаніі яны падпарадкоўваюцца палітыцы кітайскіх уладаў і абавязаныя супрацоўнічаць з спэцслужбамі КНР, гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.