Адказ Беларусі на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць у тым ліку працу замежных СМІ ў краіне, заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей, адказваючы на пытаньні журналістаў падчас запісу свайго выступу для агульнай дыскусіі 75-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, паведаміў тэлеканал СТВ.
Гаворка зайшла пра абмеркаваньне 21 верасьня міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу санкцыяў супраць афіцыйных асобаў Беларусі.
«Натуральна, у выпадку, калі будуць прынятыя нейкія санкцыйныя меры ў дачыненьні да Беларусі, то, думаю, і беларускай дзяржавай будуць прынятыя адпаведныя крокі, зьвязаныя з унутрыпалітычным функцыянаваньнем дзяржаваў. Гэта можа тычыцца і палітычнай сыстэмы, і функцыянаваньня замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі, і шэрагу іншых крокаў», — заявіў Уладзімер Макей.
Міністар таксама дадаў, што Беларусь можа ўвесьці і пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў розных эўразьвязаўскіх структураў, а таксама прадстаўнікоў і асобных краін Эўразьвязу. «Праект сьпісу ў нас таксама гатовы», — заявіў Макей.
Паводле яго, ёсьць таксама і «набор зусім радыкальных захадаў, калі, скажам, нас вымусяць пайсьці на гэтыя крокі»: Беларусь можа перагледзець свой удзел у розных ініцыятывах, арганізацыях, «дзейнасьць якіх безь Беларусі будзе пазбаўленая сэнсу», а таксама ўзровень дыпляматычнай прысутнасьці, магчымасьці захаваньня дыпляматычных адносінаў з той ці іншай дзяржавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт не пагадзіўся лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам і прапанаваў санкцыі17 верасьня на пасяджэньні сэсіі Эўрапарлямэнту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацьвердзілі, што не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Эўрапарлямэнт ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам. Эўрапарлямэнт прызнаў Каардынацыйную Раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных перамен у Беларусі».
Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Эўракамісіі:
- павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
- замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
- спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭБРР;
- арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
- прыпыніць перамовы зь Беларусьсю аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства;
- стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту;
- распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
- заклікаць не праводзіць у Беларусі частку хакейнага чэмпіянату сьвету ў 2021 годзе.
Эўрапарлямэнт заклікаў таксама інстытуты Эўразьвязу і ўрады краін ЭЗ «вывучыць магчымасьць пашырэньня санкцыйнага сьпісу на прадмет уключэньня расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».
За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць — 37, устрымаліся — 82.