Ціханоўская ў ААН: Гатовыя да дыялёгу. Прадстаўнік Беларусі ў ААН: Гвалту і зьніклых падчас пратэстаў не было

Сьвятлана Ціханоўская зьвяртаецца да Рады правоў чалавека ААН, 18 верасьня 2020 г.

Рада правоў чалавека ААН у Жэнэве 18 верасьня праводзіць надзвычайныя дэбаты, прысьвечаныя пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі.

У Беларусь неабходна накіраваць маніторынгавую місію для ўстанаўленьня фактаў парушэньня правоў чалавека. Пра гэта заявіла экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу празь відэасувязь перад Радай правоў чалавека ААН. Яна заявіла аб неабходнасьці міжнароднага ўмяшаньня ў сытуацыю ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радзе ААН у правах чалавека адбудуцца тэрміновыя дэбаты аб сытуацыі ў Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце да Рады ААН заявіла пра гатоўнасьць да дыялёгу з уладамі Беларусі.

«Я яшчэ раз адзначаю наша жаданьне весьці дыялёг з уладамі і знайсьці мірнае рашэньне крызысу, які закрануў нашу краіну», – сказала Ціханоўская.

Афіцыйны прадстаўнік Менску пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч запатрабаваў спыніць трансьляцыю выступу Ціханоўскай. З словаў пастаяннага прадстаўніка, выступ не прадугледжаны працэдурай. «Выступленьне асобна абраных грамадзян Рэспублікі Беларусь ня можа разглядацца як прымальнае», — заявіў Амбразевіч. Ён зьняпраўдзіў заявы пра гвалт над затрыманымі і пра зьніклых бязь вестак у ходзе пратэстаў у краіне.

«Мы адкідаем непацьверджаныя абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце над затрыманымі. Зарэгістраваных афіцыйных заяваў аб гэтым няма, таксама не пацьвярджаецца інфармацыя пра зьніклых бязь вестак у непасрэднай сувязі з пратэстамі», — цытуе Амбразевіча ТАСС.

Прадстаўніка Беларусі падтрымалі Расея, Кітай і Вэнэсуэла. Яны палічылі, што Рада правоў чалавека ААН парушыла фармат правядзеньня тэрміновых дэбатаў, у прыватнасьці, прасілі не паказваць відэазварот Ціханоўскай, аднак прадстаўнікі заходніх краінаў ня ўбачылі ў гэтым парушэньня. Запіс паказалі.

Спэцыяльны дакладчык ААН: Катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца


Пра гэта заявіла Анаіс Марэн, спэцыяльны дакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падчас дэбатаў.

«Ня маючы магчымасьці знайсьці лідэраў гэтага новага тыпу паўстаньня, міліцыя выкарыстала празьмерную і неапраўданую сілу для арышту дэманстрантаў, журналістаў, мінакоў, жанчын і нават дзяцей, — сказала Марэн. — Іх хапалі на вуліцы людзі ў масках і цывільным. Тысячы былі жорстка зьбітыя. Гэта падводзіць мяне да яшчэ аднаго крытычна важнага моманту: падчас гэтай хвалі неразборлівых і жорсткіх рэпрэсіяў нам паведамілі пра больш чым 500 выпадкаў катаваньняў, учыненых дзяржаўнымі службоўцамі».