Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што вялікая група хасідаў на аўтобусах вяртаецца на тэрыторыю Беларусі.
У ведамстве заявілі, што 570 хасідаў праходзяць беларускі пашпартны кантроль і арганізавана садзяцца ў аўтобусы. Там не выключаюць, што да вечара 18 верасьня, калі будзе адзначацца юдэйскі Новы год, нікога з паломнікаў на мяжы ня застанецца.
Ці гэта іх самастойнае рашэньне, або нейкім чынам паспрыялі беларускія ўлады, не ўдакладняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў закрыў мяжу зь Беларусьсю на ўчастку, дзе сабраліся хасіды, і заклікаў Менск «не даваць ім надзею» на ўезд ва ЎкраінуПаводле Памежнага камітэту, у шэрагах паломнікаў грамадзяне Ізраіля, ЗША, Вялікай Брытаніі і іншых эўрапейскіх краінаў.
Агулам больш за 1500 чалавек спрабавалі трапіць у горад Умань, дзе знаходзяцца пахаваньні пачынальнікаў руху хасідаў. Аднак Кабінэт міністраў Украіны ў мэтах барацьбы з распаўсюдам каранавірусу ўвёў абмежаваньні на ўезд іншаземцаў да 28 верасьня.
Афіцыйны Менск прысарамаціў кіраўніцтва Ўкраіны, заклікаўшы «паважаць і выконваць правы чалавека».