Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Дылеўскі выйшаў на волю пасьля 25 сутак арышту

Сяргей Дылеўскі.

Cябра прэзыдыюмуКаардынацыйнай рады і кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі выйшаў на волю, паведамляе БелаПАН.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі, кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі раніцай 18 верасьня выйшаў на волю пасьля 15-дзённага адміністрацыйнага арышту.

Пра гэта БелаПАН паведамілі відавочцы, якія бачылі, як Дылеўскага каля жодзінскай турмы сустрэла ягоная жонка і павезла на машыне, а пазьней пацьвердзілі ў Каардынацыйнай радзе.

Дылеўскі быў асуджаны на 15 сутак арышту 3 верасьня судом Цэнтральнага раёну Менску. Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у шматтысячнай стыхійнай дэманстрацыі ў Менску 23 жніўня. Гэтая пастанова суду была прынятая ў той дзень, калі Дылеўскі мусіў выйсці на волю пасьля 10-дзённага арышту.

Яго затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ, куды ён прыйшоў падтрымаць рабочых разам зь яшчэ адным чальцом прэзыдыюму Рады Вольгай Кавальковай, за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП). 25 жніўня Дылеўскага і Кавалькову асудзілі на 10 дзён арышту.

Хто такі Дылеўскі

Сяргей Дылеўскі — сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, рабочы-тэрміст Менскага трактарнага заводу, які адным зь першых далучыўся да агульнанацыянальнага страйку супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Сяргея Дылеўскага і ягоную паплечніцу па Каардынацыйнай радзе Вольгу Кавалькову затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ і асудзілі на 10-дзённы адміністрацыйны арышт праз абвінавачаньне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 3 верасьня тэрмін зьняволеньня заканчваўся і іх меліся вызваліць зь ЦІП на Акрэсьціна. Аднак замест гэтага зноў адвезьлі ў суд, дзе асудзілі на чарговыя 15 сутак за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу).

Неўзабаве Кавалькову прымусілі зьехаць з краіны, а Дылеўскага перавялі даседжваць тэрмін у Жодзіна.

Да таго Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай. У яе межах сьледчыя спрабавалі дапытаць Сяргея Дылеўскага: цікавіліся, хто ўваходзіць у асноўны склад рады, як ажыцьцяўляюцца кантакты зь людзьмі, якім чынам плянавалася праводзіць перадачу ўлады і г.д. Аднак ён адмовіўся даваць паказаньні.

Цяпер зь сямі сяброў прэзыдыюму КР на волі і ў Беларусі застаюцца толькі Сяргей Дылеўскі і нобэлеўская лаўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, астатнія альбо арыштаваныя ў крымінальных справах, або змушаныя пакінуць Беларусь.