Генэральны сакратар Усясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў Джэральд Стэйброк заклікаў даць ацэнку дзеяньням рэжыму Лукашэнкі.
— Зафіксавана больш за 500 выпадкаў катаваньняў. Магчыма, іх нават больш, гэта тыя людзі, якія расказалі свае гісторыі. Тое, што адбывалася пасьля выбараў — гэта сыстэматычныя, заплянаваныя катаваньні, учыненыя дзяржавай. Размова не ідзе пра асобны гнілы яблык у сыстэме. Мы бачым сплянаваны, арганізаваны гвалт, можна казаць пра палітыку брутальнасьці.
У міжнародным праве гэта называецца злачынствамі супраць чалавечнасьці. І гэта патрабуе міжнароднай увагі. Зараз беларуская дзяржава цалкам адмаўляе тое, што адбылося. Яны зьмянілі тактыку, але адмаўляюць гэта. Па ніводнай з гэтых спраў не вядзецца расьсьледаваньне, ахвяры гвалту зазнаюць рэпрэсіі за ўдзел у нібыта незаконных дэманстрацыях, атрымліваючы за гэта сур’ёзнае пакараньне. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта крызіс правоў чалавека. Сьвет мае магчымасьць на яго адрэагаваць, узьняўшы пытаньне ў Радзе ААН па правах чалавека.
Катаваньні адбываюцца таму, што ёсьць плян, што ёсьць загады, таму што людзі праяўляюць вынаходлівасьць у жорсткасьці. І паколькі гэта адбываецца беспакарана, можна казаць пра тое, што адказнасьць за гэта зь юрыдычнага пункту гледжаньня нясе вышэйшае кіраўніцтва краіны. Часам мне здаецца, што лічбы і інфармацыя аб катаваньнях гучаць вельмі абстрактна. Але пакуты людзей у рэальнасьці застануцца зь імі на ўсё жыцьцё. Катаваньні застануцца на ўсё жыцьцё, гэта ня толькі фізычная траўма ці зьнявага. Гэта траўмуе ўсё грамадзтва. Ахвяры маюць патрэбу ў правасудзьдзі, у прызнаньні, каб ізноў вярнуцца да жыцьця. Гэта шнары на ўсім беларускім грамадзтве. І калі не пачаць іх лячыць зараз, то ў будучыні гэта будзе вельмі цяжка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская складае санкцыйны «сьпіс Тарайкоўскага»