Анатоль Котаў звольніўся з пасады «па згодзе бакоў» 18 жніўня. Ён працаваў намесьнікам начальніка аддзелу фінансаваньня дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.
Котаў аддаў дзяржаўнай службе амаль 20 гадоў, але прызнаўся, што бліжэйшым часам працягваць яе не ўяўляецца магчымым.
У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Анатоль Котаў растлумачыў свой учынак і расказаў, якія пэрспэктывы, на яго погляд, засталіся ў беларускіх чыноўнікаў.
— Я, як модна казаць, не пераабуваюся. Я за тое, каб дзяржава была пэрспэктыўнай, прагрэсіўнай і адэкватна рэагавала на патрэбы сваіх грамадзян. Каб яна абслугоўвала грамадзян.
Тое, што адбывалася на працягу апошняга паўгода, — гэта яскравае грэбаваньне нармальнай рэакцыяй, той, якая павінна быць на любы з выклікаў. Каранавірус — яго спачатку не было, потым людзі самі паміралі, у выніку грамадзтва ратавала сябе само.
Я не гатовы працаваць у камандзе, як бы яна ні называлася, якая адмаўляе альбо мінімізуе тыя, на жаль, сумныя факты, якія мелі месца пасьля выбараў, — усе гэтыя забойствы, катаваньні. Можна спрачацца, было 450 ці 200 чалавек, ці тысяча. Але нават, умоўна кажучы, адзін, хто пацярпеў такім чынам, — гэта недапушчальна ў XXI стагодзьдзі, я лічу, для дзяржавы, якая называе сябе эўрапейскай.
Многім людзям, якія цяпер працуюць на дзяржаву, якія так ці інакш на дзяржаўнай службе або каля гэтага, давядзецца альбо сябе памяняць, альбо сысьці. Калі дапускаць нейкі сцэнар паглыбленай інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй ці рух у бок разьвіцьця саюзнай дзяржавы, павышэньня ролі наднацыянальных структур, то я ўпэўнены, што не беларуская намэнклятура будзе запатрабаваная і ў першую чаргу там працаўладкуецца.
Я ня бачу пэрспэктываў для большасьці людзей, якія зараз працуюць у сыстэме дзяржаўнай службы. Таму што яны за доўгія гады прызвычаіліся весьці, як той казаў, business-as-usual. Час памяняўся, грамадзтва памянялася. Больш гнуткім трэба быць, разумнейшым трэба быць, больш кваліфікаваным мэнэджэрам, чым проста клясычны начальнік, які раздае нейкія даручэньні і пугай патрабуе іх бяздумнага выкананьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйная рэформа Лукашэнкі — праставаты спосаб зьбіць народны пратэст