«Мы расчараваныя тым, як Эўрапарлямэнт, які пазыцыянуе сябе ў якасьці сур’ёзнай, абʼектыўнай і дэмакратычнай структуры, ня змог знайсьці ў сабе палітычнай волі зазірнуць далей за свой нос, пераадолець аднабокасьць і ня стаць закладнікам ходкіх штампаў», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары на сайце МЗС.
У ім падкрэсьліваецца, што Беларусь пераканалася ў «неразуменьні працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, і абсалютнай адарванасьці ад рэалій» з боку Эўрапарлямэнту, за што, паводле МЗС Беларусі, яго «часта крытыкуюць грамадзяне ўнутры самога Эўразьвязу».
На думку МЗС Беларусі, рэзалюцыя Эўрапарлямэнту «носіць відавочна агрэсіўны характар і ня ўтрымлівае ніводнага канструктыўнага альбо ўзважанага тэзісу». Таксама ў адказе ведамства падкрэсьлівае, што эўрапарлямэнтарам «не перашкодзілі б мінімальныя веды міжнароднага права і павага сувэрэнітэту іншых краін».
«Недасканаласьць заклікаў да санкцый і згортваньня адносін для інтарэсаў людзей з Эўропы і Беларусі зусім відавочная. Але зразумела, што эўрапарлямэнтары, у адрозьненьне ад бізнэсу і простых грамадзян, на сабе гэта не адчуюць, таму так лёгка жанглююць гэтымі катэгорыямі. Але на ўсё ёсьць суд гісторыі», — гаворыцца ў камэнтары МЗС.
Што ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту
17 верасьня на пасяджэньні сэсіі Эўрапарлямэнту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацьвердзілі,
- што не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў
- і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Эўрапарлямэнт ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.
- Эўрапарлямэнт прызнаў Каардынацыйную Раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных перамен у Беларусі».
Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Эўракамісіі
- павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
- замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
- спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР;
- арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
- прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства;
- стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту;
- распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
- заклікаць не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2021 годзе.
Эўрапарлямэнт заклікаў таксама інстытуты Эўразьвязу і ўрады краін ЭЗ «вывучыць магчымасьць пашырэньня санкцыйнага сьпісу на прадмет уключэньня расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць — 37, устрымаліся — 82.