ЗША абвясьцілі плян пашырэньня ВМС для супрацьстаяньня Кітаю

Марк Эспер, міністар абароны ЗША

Міністар абароны ЗША Марк Эспэр абвясьціў пра пляны нарасьціць ВМС ЗША бесьпілётнымі і аўтаномнымі караблямі, падводнымі лодкамі і лятальнымі апаратамі для супрацьстаяньня выклікам Кітаю на моры.

Кіраўнік Пэнтагону заявіў, што маштабная трансфармацыя вайскова-марской моцы ЗША прадугледжвае пашырэньне амэрыканскага вайсковага флёту зь цяперашніх 293 караблёў да 355.

Мэта гэтага пляну — захаваць перавагу над кітайскімі вайскова-марскімі сіламі, у якіх бачыцца асноўная пагроза для ЗША. Ён запатрабуе павялічыць бюджэт ВМС ЗША на дзясяткі мільярдаў даляраў у пэрыяд да 2045 году.

Эспэр патлумачыў, што ў выніку павінна падвысіцца здольнасьць флёту выжываць у высокаінтэнсіўным канфлікце, праецыраваць амэрыканскую моц і прысутнасьць і наносіць кропкавыя ўдары на вельмі вялікіх адлегласьцях.

Амэрыканскі авіяносец «Джордж Буш»

Ён пацьвердзіў, што Кітай — асноўная пагроза бясьпецы ЗША і што для амэрыканскіх вайскоўцаў Інда-Ціхаакіянскі рэгіён — «прыярытэтны тэатар» ваенных дзеяньняў.

«Гэты рэгіён важны ня толькі таму, што гэта цэнтар глябальнага гандлю і камэрцыі, але і таму, што тут эпіцэнтар канкурэнцыі на ўзроўні вялікіх дзяржаў з Кітаем», — сказаў ён.

У апублікаваным раней у гэтым месяцы дакладзе Пэнтагону, прысьвечаным арміі Кітаю, гаворыцца, што Пэкін мае найбуйнейшы ў сьвеце вайскова-марскі флёт, які налічвае 350 караблёў і падводных лодак.

Аднак, падкрэсьліў Эспэр, кітайскі флёт адстае ў сіле і магчымасьцях.

«Нават калі б мы спынілі будаўніцтва новых караблёў, КНР спатрэбіліся б гады, каб дагнаць нас па магчымасьцях у адкрытым моры, — сказаў ён. — Я хачу дакладна даць зразумець, што Кітай ня можа зраўняцца з ЗША ў тым, што тычыцца вайскова-марской моцы».

Па словах Эспэра, дасягненьне мэты ў 355 караблёў азначае, што ВМС павінны атрымліваць вялікую долю бюджэту Міністэрства абароны. Акрамя таго, ЗША павінны ўкласьці больш рэсурсаў у пашырэньне і мадэрнізацыю вэрфяў, у чым Кітай мае відавочную перавагу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пагадзіўся ісьці на новы тэрмін і заявіў: калі Байдэн пераможа на выбарах, Кітай стане гаспадаром Амэрыкі