Палітвязьня вадзілі на першы і пакуль што апошні допыт, падчас якога ён адмовіўся даваць паказаньні. Пра гэта Павал Севярынец напісаў у лісьце, які даслаў з-за кратаў журналістцы «Новага часу».
Ён таксама згадаў, што ў той дзень праходзіў побач з камэрай, у якой 22 гады таму пакаяўся і прыняў Хрыста.
«Таму гэтую „камандзіроўку“ успрымаю як маршрут у духу апостала Паўла — для малітвы, сьведчаньня і напісаньня працягу „Беларусаліму“». Пакуль палітык знаходзіўся за кратамі, выйшла другая частка ягонага раману.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартайПавал Севярынец напісааў, чым займаецца, пакуль знаходзіцца пад сьледзтвам: моліцца, піша, адказвае на лісты — ён атрымаў іх каля 20. Настрой бадзёры, стан здароўя нармальны: жонка Вольга перадала лекі, бо пасьля карцару ў турме на Акрэсьціна запаліліся суставы.
Ад Сьледчага камітэту палітвязень атрымаў адказы на свае звароты наконт сустрэчы са сьвятаром.
«Для дазволу спатканьняў „няма прычынаў“, і для адмовы сустрэчы са сьвятаром „няма прычынаў“. Але, паколькі тут карантын, сьвятара пакуль ня будзе», — напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такой падтрымкі ніколі ня бачыла». Вольга Севярынец расказала навіны пра мужаПаўла Севярынца затрымалі на пачатку чэрвеня ў пікеце за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Ад таго часу ён знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе яму дадавалі ўсё новыя адміністрацыйныя арышты. Амаль увесь час зьняволеньня там ён правёў у карцары.
20 жніўня стала вядома, што на Севярынца завялі крымінальную справу, яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «масавыя беспарадкі».
Лісты Паўлу Севярынцу можна пісаць на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, Менск, 220050.