Плятформа «Голас» праводзіць апытаньне згодных са статусам Каардынацыйнай рады як свайго прадстаўніка

Практычна ўсе чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цяпер у турмах або ў выгнаньні

Дзеля гэтага да 22 верасьня трэба прайсьці на плятформе ананімнае апытаньне ў падтрымку рады, каб прызнаць яе ўпаўнаважаным прадстаўніком народу ў дыялёгу з уладамі.

Раней у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі заявілі: калі пратэставы рух хоча стаць рэальнай палітычнай сілай, ён мусіць аформіцца ў легальны інстытут.

«Відавочна, што Беларусь апынулася ў палітычным крызісе. Адзіны выхад з сытуацыі — дыялёг. Каардынацыйная рада стваралася з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай якраз для вырашэньня крызісу і арганізацыі дыялёгу. Давайце разам паскорым працэс!», — заклікае каманда «Голасу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плятформа «Голас» абяцае падлічыць колькасьць удзельнікаў «Маршу герояў». Дадаліся новыя функцыі 

Найперш неабходна пацьвердзiць, што апытаныя згодныя са статусам Каардынацыйнай рады як свайго прадстаўніка, які будзе ўдзельнічаць у перамовах і дамагацца выкананьня наступных патрабаванняў:

  • вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі;
  • прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у забойствах і гвалце;
  • правесьці новыя сумленныя выбары.

«Улады адмаўляюцца чуць народ. Яны арыштоўваюць або выганяюць зь Беларусі чальцоў прэзыдыюму. Рада пры гэтым працягвае працу, яна прадстаўлена асноўным складам — гэта каля 70 прызнаных экспэртаў у розных сфэрах. А яшчэ ёсьць пашыраны склад — парадку 5000 ініцыятыўных беларусаў», — адзначаецца ў звароце плятформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская складае санкцыйны «сьпіс Тарайкоўскага»

Апытаньне праходзіць тут. Каб яго прайсьці, трэба адправіць чат-боту каманду або дачакацца аўтаматычнага паведамленьня.