Палітэмігрант Краўцоў патрабуе ад Сьледчага камітэту завесьці справу аб ягоным выкраданьні і незаконным пазбаўленьні волі

Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве

Выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў, які 7 верасьня разам з калегам Антонам Раднянковым быў затрыманы спэцслужбамі і прымусова выпраўлены ва Ўкраіну, накіраваў заяву ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем пачаць крымінальную справу аб выкраданьні і незаконным пазбаўленьні волі.

У тэксьце заявы, якая маецца ў распараджэньні Свабоды, Іван Краўцоў заявіў аб учыненых супраць яго 7 і 8 верасьня супрацьпраўных дзеяньнях.

«Гэтыя дзеяньні чыніліся невядомымі мне асобамі, частка якіх традыцыйна хавалася за маскамі. З таго, што цягам дня я ўтрымліваўся ў будынках дзяржаўных органаў — ГУБАЗіК МУС і ДФР КДК Беларусі — можна меркаваць, што да гэтага датычныя супрацоўнікі згаданых сілавых органаў», — мяркуе Іван Краўцоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады, які зьехаў ва Ўкраіну, завялі крымінальную справу

Па яго словах, перасьлед у адносінах яго ніяк працэсуальна ня афармляўся. Ніякіх дакумэнтаў ён не падпісваў, таксама было адмоўлена ў выкліку адваката для аказаньня юрыдычнай дапамогі.

«У сувязі з гэтым дадзеныя дзеяньні нельга расцэньваць як затрыманьне ў парадку, якi прадугледжаны КаАП або КПК Беларусі. Такія захады невядомых асобаў маюць прыкметы перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў», — настойвае заяўнік.

Ён просіць прызнаць сябе пацярпелым і каб Сьледчы камітэт распачаў па апісаных фактах крымінальную справу для пакараньня вінаватых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава запатрабавала ад Сьледчага камітэту завесьці крымінальную справу супраць яе выкрадальнікаў

Цяпер выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і прэс-сакратар Антон Раднянкоў знаходзяцца ў Кіеве.

7 верасьня сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў перасталі выходзіць на сувязь. На наступны дзень было паведамлена, што Калесьнікаву затрымалі пры спробе незаконнага перасячэньня мяжы з Украінай, а Раднянкову і Краўцову ўдалося прарвацца на сумежную тэрыторыю.

Пазьней Краўцоў і Раднянкоў расказалі, што Калесьнікаву гвалтоўна хацелі вывезьці зь Беларусі, аднак на беларускім пераходзе яна парвала свой пашпарт і вярнулася ў краіну. Цяпер Калесьнікава пад арыштам, супраць яе пачалі крымінальную справу аб закліках да захопу ўлады.