Намесьнік міністра замежных спраў Украіны: «Улады Беларусі парушаюць сваё ўласнае заканадаўства»

Хасіды на памежным пункце пропуску

Намесьнік міністра замежных спраў Украіны Яўген Енін лічыць, што за сытуацыю, калі на беларуска-ўкраінскй мяжы сабраліся некалькі соцень паломнікаў з Ізраілю, нясуць адказнасьць беларускія ўлады.

– Мы літаральна некалькі тыдняў таму апавясьцілі нашых партнэраў, у тым ліку беларускіх, пра тое, што наш урад прыняў рашэньне аб забароне ўезду іншаземцаў на тэрыторыю Украіны, што было зьвязана з рэзкім пагаршэньнем эпідэмічнай сытуацыі. І мы разьлічваем, што любая іншая дзяржава — Беларусь, Польшча, Малдова — будзе дзейнічаць адпаведным чынам.

Што мы бачым з боку беларускіх уладаў? Яны ўводзяць такія ж абмежаваньні на ўезд іншаземцаў. Яны літаральна некалькі дзён таму ўносяць той жа самы Ізраіль у чырвоны сьпіс: для грамадзян, якія прыбываюць з гэтай дзяржавы, забаронены нават элемэнтарна транзыт. Але беларускія ўлады вырашаюць парушыць чамусьці сваё ўласнае заканадаўства і дазваляюць уезд на тэрыторыю сваёй краіны соцень і соцень прадстаўнікоў Дзяржавы Ізраіль. Больш за тое, яны ствараюць умовы для іх транзыту ў бок украінска-беларускай мяжы. Яны сьвядома садзейнічаюць таму, каб у раёне пунктаў пропуску была вялікая колькасьць людзей, што, відавочна, не спрыяе прафіляктыцы распаўсюджваньня COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў закрыў мяжу зь Беларусьсю на ўчастку, дзе сабраліся хасіды, і заклікаў Менск «не даваць ім надзею» на ўезд ва Ўкраіну

Напэўна, пра гэта лепш спытаць кіраўніцтва Беларусі, чым менавіта правініліся хасіды перад кіраўніцтвам беларускага рэжыму. Нам самім вельмі непрыемна ад гэтай сытуацыі, таму што ўсёй гэтай праблемы і крызісу можна было б лёгка пазьбегнуць, калі б рэагаваць адпаведным цывілізаваным спосабам. Хацеў прывесьці ў прыклад кіраўніцтва Рэспублікі Малдовы, якая літаральна ўчора адмовіла ва ўезьдзе транзытам праз Малдову ў бок Украіны больш як 60 прадстаўнікам хасідзкіх паломнікаў, сказаў у інтэрвію «Настоящему времени» намесьнік міністра замежных спраў Украіны Яўген Енін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нэўтральнай паласе паміж Беларусьсю і Ўкраінай застаюцца больш за 700 хасідаў. ФОТА, ВІДЭА

Ня менш за паўтары тысячы габрэяў-хасідаў з ЗША, Вялікай Брытаніі і Ізраілю ўжо некалькі дзён знаходзяцца на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Паломнікі ехалі ва Ўкраіну да магілы заснавальніка Брацлаўскага хасідызму цадзіка Нахмана. Асноўны іх паток прыяжджае ў горад Умань, дзе знаходзіцца магіла, напярэдадні габрэйскага Новага году (Рош ха-Шана) – сёлета ён прыпадае на 19 верасьня. 16 верасьня Кабінэт міністраў Украіны закрыў пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» на мяжы зь Беларусьсю ў Чарнігаўскай вобласьці і заклікаў Менск «не даваць надзеі» хасідам на тое, што іх пусьцяць ва Ўкраіну.