16 верасьня праваахоўнікі прыйшлі ў офісы групы кампаній «Белцяжмаш», якімі кіруюць бізнэсоўцы Ігар, Аляксандар і Дзьмітры Анішчанкі. Пра гэта Tut.by паведамілі тры не зьвязаныя адна з адной крыніцы.
«У першай палове дня зьявілася інфармацыя, што сілавікі нечакана прыйшлі да Дзьмітрыя [Анішчанкі] ў офісны будынак на вул. Веры Харужай. У раёне абеду ў галаўны офіс „Белцяжмаш“ на пр. Дзяржынскага прыйшлі Ігар Львовіч [Анішчанка] і людзі ў цывільным. Пасьля гэтага галоўны бухгальтар кампаніі пакінула будынак у суправаджэньні сілавікоў. Анішчанка застаўся ў офісе з супрацоўнікамі спэцслужбаў», — расказалі крыніцы.
Пазьней стала вядома, што сілавікі ўзялі ў абарот і брата Ігара Анішчанкі Аляксандра. У сям’і Анішчанкаў прайшлі ператрусы і па месцы жыхарства.
Як высьветліў Tut.by, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пачаў крымінальную справу па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі: Анішчанка і яшчэ некалькі чалавек падазраюцца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт: Калесьнікаву, Знака і Салея падазраюць у закліках да захопу ўладыШтаб экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі наймаў офіс менавіта ў будынку па вул. В. Харужай, 25/1, які здае ў арэнду група кампаній «Белцяжмаш». Пазьней там мела сядзібу і Каардынацыйная рада. На мінулым тыдні ў офіс прыйшлі сілавікі, правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакумэнты, а памяшканьне апячаталі.
TUT.BY накіраваў запыты ў прэс-службы МУС і Камітэту дзяржкантролю. Атрымаць камэнтар у Сьледчым камітэце і КДБ не ўдалося.
У кампаніі «Белцяжмаш» таксама адмовіліся ад камэнтароў.