Аніматарка і ілюстратарка Юлія Рудзіцкая, вядомая сваім анімацыйным фільмам «Будзьма беларусамі», у якім гісторыя Беларусі расказвалася за пяць хвілін, ініцыявала новы праект — Animators For Belarus («Аніматары для Беларусі», або «Аніматары за Беларусь»).
Юлія, якая цяпер жыве ў ЗША, расказала парталу Tut.by, што і яна, і яе калегі па ўсім сьвеце перажываюць за падзеі ў Беларусі. Таму ў яе нарадзілася ідэя зрабіць супольны праект і выказаць мовай анімацыі падтрымку беларусам.
Юлія напісала аб праекце на сваёй старонцы ў фэйсбуку, разьмясьціла абвесткі ў прафэсійных групах аніматараў у сацыяльных сетках, а некаторым знаёмым напісала адрасна.
На яе заклік адгукнуліся больш за 50 аніматараў з 19 краін на чатырох кантынэнтах. Усе працавалі на валянтэрскіх асновах. Самаму маладому аніматару, які ўзяў удзел у праекце, усяго 12 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэрка «Будзьма беларусамі» Юлія Рудзіцкая пра кар’еру ў ЗША і беларускую традыцыю ў анімацыі«Я прапанавала агульную канцэпцыю. Мы ўзялі за кампазыцыйную аснову гістарычны сьцяг незалежнай Беларусі. У ім ёсьць белая, чырвоная і белая палосы. Гэта аб’яднаўчая структура, якая дазволіла зрабіць пераходы і камбінаваць сцэны розных мастакоў у адзіны твор. Самі аніматары маглі інтэрпрэтаваць гэтыя колеры як ім заўгодна: як у кантэксьце сучасных беларускіх падзеяў, так і як нешта абстрактнае. Я нікому нічога не навязвала. Але мне здаецца, што ўсе аўтары вельмі дакладна адчулі тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму ўсе сцэны атрымаліся вельмі выразнымі і абсалютна ў кантэксьце», — расказала Юлія Рудзіцкая.
Сама Юлія выступіла адным з аўтараў, а таксама мантавала фрагмэнты ў агульнае цэлае. Паводле яе, гэты фільм «ня толькі пра бел-чырвона-белы сьцяг, гэта яшчэ і расказ пра ўсіх нас. Мы праходзім гэтыя складаныя, драматычныя моманты гісторыі. Мы адраджаемся і рухаемся наперад».