Свабода сабрала зьвесткі пра жыхара менскай «плошчы Перамен» (двара па Сморгаўскім тракце, 1) Сьцяпана Латыпава. На яго завялі крымінальную справу за тое, што невядомых у масках, якія прыйшлі зьнішчаць выяву дыджэяў, ён ветліва прасіў прадставіцца.
Латыпаў на Акрэсьціна, перадачу ад суседзяў прынялі
Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Пасьля дзьверы ў кватэру ўзламалі, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.
Калі Сьцяпана выводзілі з пад’езду, суседзі крычалі «Ганьба». Адвакат Ільля Пярхальскі паведаміў, што на Латыпава завялі справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).
У Сьцяпана Латыпава два адвакаты: Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі. Яны пад падпіскай аб невыдаваньні, таму падрабязнасьцяў расказаць ня могуць.
Кацярына Жаўтанога ў сераду паведаміла Свабодзе, што са Сьцяпанам усё ў парадку, ён у ізалятары на Акрэсьціна. Суседзям удалося вырашыць праблему зь перадачай (сваякоў у Сьцяпана ў Менску няма). Перадалі ў ЦІП усё неабходнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на «плошчы Пераменаў» затрымалі мясцовага жыхара, які спытаў дакумэнты ў міліцыянтаў. ВІДЭА
Унікальны для Беларусі спэцыяліст
Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.
Арбарыст — вельмі рэдкая для Беларусі прафэсія, такіх адмыслоўцаў у краіне каля 50 чалавек. У Эўропе арбарыстаў называюць яшчэ «дрэўнымі хірургамі». Іх задача — не сьпілаваць дрэва, а выратаваць яго. Веды пра дрэвы далі Сьцяпану бацькі-біёлягі і падручнікі.
Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні).
Сьцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічае з «Дыпсэрвісам».
Чытае лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.
У Менску ў кватэры на Сморгаўскім жыве адзін, безь сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плошча Перамен» у Менску, якую штовечар пільнуюць міліцыянты. ВІДЭА
Суседзі падтрымліваюць Сьцяпана Латыпава
Мастак Андрэй Дубінін жыве побач са знакамітым дваром, дзе зьявіўся мурал «Перамен!» Ён сказаў Свабодзе, што ў сераду ўвечары жыхары суседніх дамоў выйдуць у двор у падтрымку Сьцяпана Латыпава, які цяпер на Акрэсьціна.
Стужкі, якія людзі павязалі ў аўторак увечары на агароджу, уначы зрэзалі — людзі з вокнаў бачылі, як з 3-й да 5-й раніцы невядомыя іх зьнішчалі. Прычым абразалі толькі белыя і чырвоныя, кажа Андрэй Дубінін.
«Засталіся толькі зялёныя і чырвоныя. Людзі, якія іх вяжуць, робяць такую інкарпарацыю: частка бел-чырвона-белая, а для прыхільнікаў чырвона-зялёнага сьцяга стужкі інкарпараваныя ў бела-чырвона-зялёна-белы колеры, то бок засталася палова агароджы зь зялёнымі ўпляценьнямі», — кажа мастак Андрэй Дубінін.
У сераду зранку каля мурала нікога зь міліцыянтаў не было, хоць цягам апошняга тыдня 24 гадзіны на суткі яго ахоўвалі як мінімум па 3 міліцыянты і ў двары пастаянна стаяў міліцэйскі «бобік», дадае Андрэй Дубінін.