Можна зразумець, чым кіруецца Святлана Ціханоўская, калі кажа, што ў выпадку мірнага сыходу Лукашэнкі ён атрымае гарантыі бясьпекі.
Ясна, што ў дылеме — добраахвотны сыход Лукашэнкі і ягонае спакойнае жыцьцё на Рублёўцы альбо сыход Лукашэнкі коштам хаця б яшчэ адной ахвяры і пажыцьцёвае ягонае зьняволеньне — выбіраеш першае: ня вартыя ягоныя пакуты жыцьця яшчэ аднаго чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Лукашэнка, калі сыдзе мірна, атрымае гарантыі бясьпекі»Але вось пытаньне, на якое пакуль няма адказу.
А адстаўка Лукашэнкі, калі б яна адбылася сёньня (серада, 16 верасьня) — яна лічылася б мірнай? Пасьля пяці забітых, дзясяткаў зьніклых бязь вестак (не кажу пра сотні цяжка параненых і тысячы катаваных і пабітых)?
Пасьля ўсталяваньня, па сутнасьці, тэрору праваахоўных ворганаў супраць грамадзян, калі невядомыя ў масках хапаюць людзей ужо ня толькі на вуліцах, але і ў іх кватэрах?
Я хацеў напісаць, што падобнага не адбывалася з часоў сталінізму, але тое было б недакладна: апэратыўнікі НКВД-МГБ, калі забіралі людзей, усё ж называліся і прад’яўлялі фармальныя ордэры на вобшук. Выглядае, тут больш правільна казаць пра часы нацысцкай акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рэчыцы за ўдзел у акцыі судзілі 79-гадовую жанчыну, зьняволеную нацысцкай турмыШто такое — «мірны сыход»? Які крытэр «мірнасьці»?
І дзе, кажучы сучасным тэрмінам, дэдлайн, пасьля якога гарантыі ўжо ня будуць працаваць?
Я задаю гэтыя пытаньні як журналіст, у мяне няма на іх адказу.
Але ў тых, хто ўзяў на сабе місыю прадстаўляць пратэставы рух, прадстаўляць народ і ад яго імя заяўляць такія гарантыі, адказ павінен быць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.