Двухпартыйная група з 13 сэнатараў прадставіла рэзалюцыю, якая заклікае ўвесьці адрасныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падаўленьне мірных дэманстрацый у краіне.
У апублікаваным прэс-рэлізе сэнатар-рэспубліканец ЗША Джым Рыш, які ўзначальвае Камітэт па міжнародных адносінах, назваў «абуральна несправядлівым» гвалт, які працягваецца ў дачыненьні да апазыцыі ў Беларусі.
У тэксьце рэзалюцыі гаворыцца, што прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», а іх афіцыйныя вынікі, анансаваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, названыя несапраўднымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвядуць санкцыі супраць асобаў з атачэньня Лукашэнкі «ў найбліжэйшыя дні»Рэзалюцыя таксама патрабуе вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых мірных дэманстрантаў, у тым ліку тых, хто быў арыштаваны да выбараў.
Санкцыі плянуецца каардынаваць з Эўрапейскім Зьвязам і іншымі міжнароднымі партнэрамі.
У тэксьце таксама гаворыцца, што ўлады Беларусі пасьлядоўна абмяжоўваюць свабоду прэсы і арыштавалі дзясяткі журналістаў.
«Беларускія ўлады павінны спыніць жорсткія рэпрэсіі і вызваліць усіх тых, хто быў несправядліва арыштаваны або затрыманы пасьля жнівеньскіх выбараў, — сказаў Рыш. — Двухпартыйная рэзалюцыя, якую мы прадстаўляем сёньня, служыць яркім сымбалем таго, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі і яго права на свабоду сходаў, свабоду выказваньня думкі, свабодныя выбары і вяршэнства закону. Мы працягнем працаваць з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, каб дапамагчы беларускаму народу ў яго імкненьні да лепшай будучыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: Эўразьвяз ня лічыць Лукашэнку законным прэзыдэнтам БеларусіАкрамя Рыша, у падрыхтоўцы рэзалюцыі ўдзельнічалі сэнатары Боб Мэнэндэс, Крыс Мэрфі, Марка Рубіё, Дзік Дурбін, Ліндсі Грэм, Джын Шахін, Бэн Кардзін, Міт Ромні, Крыс Кунс, Рон Джонсан, Роб Портман і Цім Кэйн.
«На мяне зрабіла глыбокае ўражаньне мужнасьць народу Беларусі, і я заклікаю міжнародную супольнасьць цалкам падтрымаць яго імкненьне да свабоднай і дэмакратычнай будучыні, — сказаў Мэнэндес, самы высокапастаўлены дэмакрат у Камітэце па міжнародных адносінах. — У Лукашэнкі не засталося ні кроплі легітымнасьці, і ён павінен сысьці ў адстаўку. ЗША і нашыя партнэры ў Эўропе павінны неадкладна прыцягнуць яго і ягоных паслугачоў да адказнасьці за злачынствы супраць народу Беларусі. Далейшае прамаруджваньне толькі спрыяе таму, што рэжым яшчэ мацней трымаецца за ўладу».