Абаронцы Калесьнікавай і Знака патрабуюць спыніць іх крымінальны перасьлед як палітычна матываваны

Марыя Калесьнікава і Максім Знак, архіўнае фота

15 верасьня адвакатка Людміла Казак падала хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Марыі Калесьнікавай. Абаронца лічыць, што ў публічных выступах Марыі не было заклікаў да захопу дзяржаўнай улады або ажыцьцяўленьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы.

Яна заявіла, што перасьлед Марыі Калесьнікавай матываваны палітычна. У абгрунтаваньне адвакатка падала наступныя тэзы:

  1. Усе яе выступы, выказваньні знаходзяцца ў вольным доступе ў сетцы Інтэрнэт. Іх аналіз дазваляе сьцьвярджаць аб адсутнасьці заклікаў да зьдзяйсьненьня якіх-небудзь супрацьпраўных дзеяньняў. Наадварот, у кожным з сваіх выступаў яна падкрэсьлівае аб недапушчальнасьці гвалту, зьдзяйсьненьня іншых супрацьпраўных дзеяньняў.
  2. Усе яе выказваньні знаходзяцца ў рамках гарантаванага кожнаму права на свабоду думак і ніякім чынам не парушаюць правы і свабоды іншых асоб, ня робяць замах на нацыянальную бясьпеку краіны, у сувязі з чым крымінальны перасьлед за рэалізацыю фундамэнтальнага права на свабоднае выказваньне сваёй думкі, прымяненьне да яе меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту зьяўляецца нічым іншым, як прымусам да адмовы ад сваіх перакананьняў, што забаронена Канстытуцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава, Знак і Салей. У Беларусі ўжо 60 палітычных зьняволеных 

Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі таксама падаў хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Як лічыць Дзьмітры Лаеўскі, з боку Максіма Знака «адсутнічалі заклікі як такія, а выказваньні і камэнтары Знака ў публічнай прасторы ніяк не былі накіраваныя супраць нацыянальнай бясьпекі, ён не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, а наадварот, растлумачваў права».

Пры гэтым заявы Знака — гэта рэалізацыя фундамэнтальнага права на выказваньне думкі, якое, тым больш, адбывалася ў рамках аказаньня прававой дапамогі давернікам — Віктару Бабарыку і Сьвятлане Ціханоўскай, удзельнікам выбарчай кампаніі. «Таму крымінальны перасьлед Знака — гэта перасьлед адваката за ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці», — заявіў Лаеўскі, якога цытуе прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрысты Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя ў крымінальнай справе аб «захопе ўлады»