Пскоўскія дэсантнікі прыбылі з Расеі ў Беларусь для ўдзелу ў вучэньнях «Славянскае братэрства – 2020», заявілі ў Мінабароны Беларусі, паведамляе «Інтэрфакс».
«Падразьдзяленьні 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Расеі прыбылі на палігон Берасьцейскі», — паведамілі ў беларускім абаронным ведамстве. Ад Узброеных сіл Беларусі ў вучэньнях бяруць удзел вайскоўцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спэцыяльных апэрацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень да манэўраў «Славянскае братэрства 2020» у Беларусі Сэрбія адмовілася ў іх удзельнічаць«Усяго будзе задзейнічана да 1500 вайскоўцаў, звыш 150 адзінак авіяцыйнай, баявой і спэцыяльнай тэхнікі. Пасьля завяршэньня вучэньняў расейскія вайскоўцы вернуцца на радзіму», — адзначылі ў Мінабароны.
«Славянскае братэрства» бяз сэрбаў
Спачатку плянавалася прыбыцьцё ў Беларусь расейскіх і сэрбскіх вайскоўцаў 10 верасьня. Але напярэдадні, 9 верасьня, урад Сэрбіі адмовіўся ад удзелу.
Пасьля пасяджэньня ўраду міністар абароны Аляксандар Вулін заявіў, што Сэрбія знаходзіцца пад ціскам Эўразьвязу.
«Нас просяць адмовіцца ад заплянаваных вайсковых вучэньняў зь Беларусьсю пад пагрозай разьвітаньня з нашай эўрапейскай будучыняй, яшчэ большага ціску на нашу палітыку і на нашых людзей у Косаве і Мэтохіі і Рэспубліцы Сэрбскай [у складзе Босьніі і Герцагавіны. — РС]», — падае словы Вуліна Міністэрства абароны.