Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны «Пра стратэгію нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны».
Стратэгія вызначае прыярытэты нацыянальных і замежнапалітычных інтарэсаў Украіны, а таксама асноўныя пагрозы бясьпецы краіны.
У прыватнасьці, украінскія ўлады задэкляравалі, што для абароны нацыянальных інтарэсаў і ўмацаваньня рэгіянальнай бясьпекі плянуюць разьвіваць стратэгічнае партнэрства з Азэрбайджанам, Грузіяй, Літвой, Польшчай і Турэччынай.
У шэраг краін, зь якімі будуць разьвівацца партнэрскія дачыненьні, трапілі іншыя дзяржавы Балтыі і Паўночнай Эўропы.
Зь Беларусьсю і Малдовай Украіна плянуе ладзіць «прагматычныя стасункі».
Галоўнымі вонкавымі прыярытэтамі, як і раней, вызначаны інтэграцыя ў Эўразьвяз і NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Ня будзе дыялёгу ў Беларусі — можна атрымаць «нешта накшталт Майдану»Расею ўкраінскія ўлады разглядаюць як асноўную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і эўрапейскаму адзінству. Але ў гэтым кантэксьце ня згадваецца раней агучаная занепакоенасьць аб магчымым выкарыстаньні Расеяй беларускай тэрыторыі для ўварваньня ва Ўкраіну:
- «Каб аднавіць свой уплыў на Ўкраіну, Расейская Фэдэрацыя, працягваючы гібрыдную вайну, сыстэматычна выкарыстоўвае палітычныя, эканамічныя, інфармацыйныя, псыхалягічныя, кібэр- і вайсковыя сродкі. Узмацняюцца групоўкі Ўзброеных сілаў Расеі і іхны наступальны патэнцыял, паблізу дзяржаўнай мяжы Ўкраіны рэгулярна праводзяцца маштабныя вайсковыя вучэньні, што сьведчыць аб захаваньні пагрозы ваеннага ўварваньня».
- «Расейская Фэдэрацыя, каб умацаваць свае пазыцыі ў Эўропе, выкарыстоўвае энэргетычную і інфармацыйную „зброю“, спрабуе паўплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў эўрапейскіх краінах, распальвае доўгатэрміновыя канфлікты і павялічвае сваю вайсковую прысутнасьць ва Ўсходняй Эўропе», — адзначаецца ў стратэгіі нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.