Вядомы беларускі драматург і рэжысэр, сябра Каардынацыйнай рады Беларусі Андрэй Курэйчык скончыў працу над пʼесай «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)», прысьвечанай падзеям апошніх месяцаў.
Прататыпамі герояў пʼесы сталі Аляксандар Лукашэнка, ягоны малодшы сын Мікалай, Сьвятлана Ціханоўская, Аляксандар Тарайкоўскі, Марыя Калесьнікава і іншыя рэальныя людзі. У пʼесе расказваецца і пра падзеі, якія папярэднічалі выбарам, і пра тыя, што разгарнуліся на вуліцах пасьля 9 жніўня. Выкарыстоўваюцца рэальныя інтэрвію палітыкаў, гісторыі, расказаныя пратэстоўцамі, зьлітыя ў сетку размовы чальцоў выбарчых камісіяў. Пʼеса дае самыя розныя погляды людзей у беларускім грамадзтве і ставіць задачу мастацкага асэнсаваньня сучасных падзеяў.
«На нашых вачах разгортваецца сапраўдная трагедыя, і я бачу сваю задачу ў тым, каб перадаць гэты боль іншым людзям і нашым нашчадкам. Зараз мы рыхтуем вялізную праграму прэзэнтацыяў гэтай пʼесы ў розных краінах», — кажа Андрэй Курэйчык.
Першымі пляцоўкамі, дзе прайшлі прэзэнтацыі пʼесы, сталі найбуйнейшыя тэатральныя фэстывалі Ўкраіны — «Гогаль Фэст» і «Мэльпамэна Таўрыі», горад Хэрсон. На фэстывалях ня толькі ладзілі тэатралізаванае чытаньне для гасьцей, крытыкаў і прэсы, але і абвясьцілі, што ў бліжэйшыя два тыдні заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Сяргей Паўлюк разам з аўтарам паставяць паўнавартасны спэктакль.
Фрагмэнты чытаньня:
Пʼеса ўжо перакладаецца на ангельскую, польскую і літоўскую мовы, а ў Расеі тэлеспэктаклем па ёй займаецца рэжысэр Аксана Мысіна.