Затрымалі яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады дзеля ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі — юрыста Канстанціна Цітова.
Пра гэта паведаміла прэс-служба зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі.
Канстанцін Цітоў уваходзіць у асноўны склад Каардынацыйнай рады. Абставіны зьняволеньня не ўдакладняюцца, але сябры кажуць, што затрыманьне адбылося яшчэ перад пачаткам Маршу герояў 13 верасьня. Яго прозьвішча ёсьць сярод асобаў, якія ўтрымліваюцца ў турме № 8 у Жодзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не да законаў». Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з «арганізатарамі і агітатарамі каардынацыйных радаў»Першае паседжаньне Каардынацыйнай рады прайшло 19 жніўня, а ўжо на наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што паводле факту стварэньня і дзейнасьці рады пачатая крымінальная справа — заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы.
Зь сямі чальцоў прэзыдыюму на волі і ў Беларусі застаецца толькі ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч. Іншыя сябры рады ў зьняволеньні, а некаторыя былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі.