У палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай пагоршылася здароўе, — адвакатка 

Марыя Калесьнікава

Адвакатка Людміла Казак наведала ў жодзінскім ізалятары сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву.

Юрыстка расказала Tut.by, што ў Марыі Калесьнікавай абвастрылася алергія. Таксама да яе падабароннай не даходзяць лісты.

«Прывезлі яе сюды ў пятніцу, яна ў агульнай камэры на шэсьць чалавек. У Марыі алергія на пыл, напэўна, яе забясьпечылі ня вельмі сьвежымі матрацам, падушкай і пасьцельнай бялізнай. Яна моцна кашляе, нос закладзены, ацёк насаглоткі, сьвярбяць вочы. Мэдычную дапамогу аказваюць, але мы напісалі заяву на імя начальніка турмы, каб памянялі інвэнтар і забясьпечылі перадачу лекаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сто дзеячоў культуры Нямеччыны напісалі ліст Мэркэль у справе Калесьнікавай

Пры гэтым, паводле Людмілы Казак, стан здароўя Марыі ніяк не адбіўся на яе настроі.

9 верасьня стала вядома, што Марыя Калесьнікава, якую да таго спрабавалі вывезьці з краіны, знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага і праходзіць падазраванай у крымінальнай справе аб спробе захопу ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад аркестру да вялікай палітыкі. Хто такая Марыя Калесьнікава

У сваю чаргу, яна запатрабавала ад Сьледчага камітэту распачаць справу супраць супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК МУС, якія падчас затрыманьня пагражалі ёй пазбаўленьнем жыцьця.

На гэтым тыдні Марыі Калесьнікавай павінны прад’явіць абвінавачаньне па крымінальнай справе.