У гомельскім Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту 14 верасьня прайшла акцыя ў падтрымку арыштаванага выкладчыка.
Выкладчыка БелДУТ Яўгена Малікава міліцыя затрымала 11 верасьня. Ён быў на акцыі ў падтрымку іншага затрыманага выкладчыка — Вадзіма Бельскага. Ён працуе ў ГДТУ ім П Сухога. Суд пакараў яго за адзіночны пікет арыштам на 3 сутак.
Студэнты і ня толькі выйшлі 14 верасьня да будынку БелДУТ. Да іх прыйшла міліцыя, затым — рэктар Юры Кулажанка. Ён загадаў пікетоўцам «пакінуць маю тэрыторыю». Тыя перайшлі на другі бок дарогі, але рэктар прыйшоў і туды.
Рэктар сказаў, што Яўген Малікаў затрыманы за правапарушэньне і «гэта блага». Рэктар адмовіўся адказаць, ці звольніць ён выкладчыка.