Амбасадар Беларусі ў Нідэрляндах: Беларусі патрэбны рэформы, але не пад кіраўніцтвам Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская. 9 жніўня 2020.

Амбасадар Беларусі ў Нідэрляндах Андрэй Еўдачэнка ў інтэрвію нідэрляндзкаму тэлеканалу выказаўся за дыялёг паміж рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі і асудзіў гвалт з боку сілавікоў, піша Tut.by.

Еўдачэнка заявіў, што ў Беларусі насьпела неабходнасьць маштабных рэформаў. Дыплямат тлумачыць, што краіна знаходзіцца паміж саюзнай Расеяй з аднаго боку і ЭЗ з другога: «Мы на 95% эканамічна залежныя ад Расеі. Прыдумаць новы сьцяг ці новы гімн даволі лёгка, але адносіны з Расеяй — самая складаная частка жаданых зьменаў»

Дыплямат ня бачыць іх пасьпяховай рэалізацыі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай: «Я ня ведаю спадарыню Ціханоўскую, ніколі не сустракаў яе. Яна, пэўна, добрая гаспадыня. Але маёй краіне патрэбен іншы лідэр — зь вялікім досьведам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За падтрымку пратэстоўцаў адкліканы і звольнены яшчэ адзін беларускі дыплямат 

Пасол заявіў, што гатовы прыняць выбар беларускіх грамадзянаў, калі большасьць не падтрымае Аляксандра Лукашэнку.

Андрэй Еўдачэнка займаў пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі з чэрвеня 2016 да ліпеня 2020, а таксама намесьніка міністра -- з 2006 па 2011. Таксама быў амбасадарам Беларусі ў Вугоршчыне, Бэльгіі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Эўразьвязе.