Віцябляне, якія пераскочылі агароджу швэдзкай амбасады, правялі ў ёй выходныя

Міліцыянты бʼюць удзельніка акцыі пратэсту Віталя Кузьнечыка, 6 верасьня. Фота Tut.by

Віцябляне Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, якія 11 верасьня пераскочылі цераз агароджу амбасады Швэцыі ў Менску, правялі ў ёй выходныя. Яны сустрэліся з амбасадаркай Швэцыі ў Беларусі Крысьцінай Юханэсан, піша Tut.by.

Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску 11 верасьня папрасілі палітычнага прытулку ў швэдзкай амбасадзе. Яны правялі выходныя ў памяшканьні амбасады Швэцыі, там іх забясьпечылі спальнымі месцамі і харчаваньнем.​

Зараз Кузьнечыкі чакаюць вырашэньне іх пытаньня аб атрыманьні палітычнага прытулку. Яны распавялі, што яшчэ ня ведаюць, ці дадуць ім палітычны прытулак у Швэцыі. Гэта будзе залежыць ад перамоваў, якія пройдуць 14 верасьня.

Уладзіслаў Кузьнечык

Віталь Кузьнечык і ягоны сын, які займаецца бізнэсам у сфэры гандлю, 11 верасьня папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Віцебску. Некалькі дзён яны хаваліся, ведаючы, што іх шукаюць сілавікі.

Паводле Віталя Кузьнечыка, ён і ягоны сын забясьпечаныя людзі. У сына двое дзяцей 7 і 4 гадоў. Таму яны рашыліся на такі крок не з эканамічных прычынаў.

Віталь кажа, што яны ня згодныя з вынікамі выбараў і супраць цяперашніх уладаў у Беларусі, таму штонядзелю выходзілі на акцыі пратэсту. Спачатку ўсё было мірна, а 6 верасьня пачаліся жорсткія затрыманьні. Сілавікі выхоплівалі людзей з калёны, білі дубінкамі, закідвалі ў аўтазакі. Астатнім яны перакрылі дарогу, людзі былі заблякаваныя.

Віталь кажа, што Швэцыя самая гуманная краіна, таму яны вырашылі зьвярнуцца да яе па дапамогу.