Аляксандар Лукашэнка павіншаваў з 30-годзьдзем беларускую піянэрскую арганізацыю.
«Тут выхоўваюцца сапраўдныя патрыёты нашай роднай Беларусі, якія гатовыя быць першымі ў вучобе, спорце, культуры і мастацтве, прыйсьці на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка адзначыў, што ў краіне створаныя ўсе ўмовы для самарэалізацыі дзяцей і моладзі, паведаміла БелТА.
Піянэрскія арганізацыі на дзяржаўным узроўні існуюць, апроч Беларусі, у Вэнэсуэле, Лаосе, Віетнаме, Паўночнай Карэі, Кітаі і на Кубе.
На беларускай тэрыторыі піянэрская арганізацыя зьявілася ў часы СССР, у 1922 годзе. У верасьні 1991 году, пасьля забароны Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, савецкая піянэрыя спыніла існаваньне.
Беларуская піянэрская арганізацыя вядзе адлік сваёй гісторыі з 13 верасьня 1990 году, калі яна заявіла пра самастойнасьць ад піянэрыі СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму я ня веру ў піянэраў