Аляксандр Лукашэнка правёў сёньня нараду зь сілавым блёкам Савета бясьпекі Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Ён прызнаў, што яго загад перавесьці дадатковыя сілы арміі на заходнія межы краіны «нятанна абыходзіцца».
«Калі натаўскія войскі ў Польшчы, Літве ў прынцыпе завяршылі так званыя вучэньні і не варушацца там больш, нам варта адэкватна на гэта рэагаваць. Мы ня можам там доўгі час безь неабходнасьці трымаць Узброеныя сілы ў такой колькасьці. Тым больш што гэта нятанна абыходзіцца», — сказаў Лукашэнка.
Упершыню сытуацыю на заходніх межах Лукашэнка назваў напружанай 15 жніўня. Ён загадаў тады перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду.
«Ідзе эскаляцыя і нарошчваньне вайсковага кампанэнту на гэтых тэрыторыях. Спакойна за гэтым назіраць мы ня можам. І калі раніцай я слухаў даклад начальніка Генштабу, я заўважыў, што нашых вайскоўцаў таксама турбуе гэтая праблема», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 верасьня ў Беларусь пачнуць прыбываць расейскія вайскоўцы. На вучэньніУ Польшчы ў той час праходзілі вучэньні NATO Defender Europe, заплянаваныя задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэтыя вучэньні завяршыліся яшчэ 21 жніўня. У адказ на закіды Лукашэнкі, што NATO робіць рухі каля беларускай мяжы, кіраўнік альянсу Енс Столтэнбэрг неаднаразова заяўляў, што ніякай актыўнасьці войскаў NATO каля мяжы зь Беларусьсю няма.
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заяўляў, у сваю чаргу, што Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае рыторыку пра нібыта пагрозу NATO пасьля выбараў, каб запалохаць насельніцтва ўнутры краіны і паўплываць на пратэсты.