Трое сутак арышту за салідарнасьць. Гомельскага выкладчыка пакаралі за пікет у падтрымку салігорскага шахтара

Гамельчукі на маршы

Вадзім Бельскі, выкладчык інфарматыкі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога, асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту.

Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, у ІЧУ таксама ўтрымліваецца Яўген Малікаў — выкладчык БелДУТ, гісторык, краязнаўца. Ён прысутнічаў на пікеце і, у сваю чаргу, падтрымаў Вадзіма Бельскага. Пасьля гэтага яго затрымалі і зьмясьцілі да суду ў ізалятар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску міліцыянты затрымалі супрацоўніка музэю Беларускага Палесься, які праводзіў экскурсію 

11 верасьня кандыдат эканамічных навук Вадзім Бельскі выйшаў да галоўнага корпусу ВНУ на адзіночны пікет. У руках выкладчык трымаў плякат у падтрымку салігорскага шахтара Юрыя Корзуна, які на знак пратэсту супраць беззаконьня ў краіне прыкаваў сябе кайданкамі ў забоі.

«Я ўявіў, што павінен адчуваць чалавек на глыбіні ў адзіноце. Зь ім у той момант была толькі вера ў сьветлую будучыню. І я вырашыў, што павінен выйсьці і заявіць, што ён не адзін. Што ёсьць людзі, якія яго падтрымліваюць. Калі ў нашыя сэрцы стукаецца адчай, усе павінны разумець, што не самотныя. Нас мільёны», — патлумачыў ён свой крок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарняк Юры Корзун: «Гэта была акцыя супраць гвалту і беззаконьня, якія пануюць у краіне»

Неўзабаве пікетоўца затрымалі. Суд пакараў Вадзіма Бельскага трыма суткамі адміністрацыйнага арышту.