Нягледзячы на рашэньне Менскага абласнога суду аб прызнаньні незаконным страйку на прадпрыемстве «Беларуськалій», страйкам заявіў, што працягне пратэст.
«Іншага рашэньня суду не магло быць апрыёры, паколькі ва ўладзе і ў судах памагатыя хунты, іх выракі загадзя падрыхтаваныя. На забойства і згвалтаваньне людзей рэакцыя работнікаў нашага прадпрыемства, як і народу ўсёй краіны, была неадкладная. Мы абвясьцілі бестэрміновы страйк і агучылі патрабаваньні», — гаворыцца ў тэлеграм-канале страйкаму «Беларуськалію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў незаконным страйк шахтароў «Беларуськалію»Страйкавы камітэт працягвае свой пратэст, грунтуючыся на міжнароднай нарматыўна-прававой базе.
«На падставе Міжнароднага пакту ААН „Аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах“, прынятага рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі 16 сьнежня 1966 году і ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, мы абвяшчаем бестэрміновы страйк — адмову ад працы з палітычных матываў», — заявілі ў салігорскім страйкаме.
11 верасьня Менскі абласны суд прызнаў страйк на «Беларуськаліі» незаконным. Цяпер страйкоўцы адмаўляюцца ад працы выключна з палітычных матываў.