Амаль 100 беларускіх футбалістаў вышэйшай і першай лігаў, замежных чэмпіянатаў, моладзевай і нацыянальнай зборных выступілі з асуджэньнем гвалту ў краіне.
Адмысловы відэаролік зьявіўся 12 верасьня ў YouTube. Вядомыя і маладыя гульцы па чарзе прамаўляюць словы з заклікам да ўладаў спыніць зьдзек з уласнага народу.
«Мы запісалі гэтае відэа, бо ня можам маўчаць — маўчаць, калі б’юць нашых людзей, сяброў, калегаў. Мы, футбалісты з розных камандаў, але адной краіны, кіруемся толькі сумленьнем і нецярпімасьцю да ўсяго, што адбываецца вакол.
Выказваем спачуваньні родным забітых і словы падтрымкі ўсім, хто пацярпеў, быў прыніжаны, скалечаны. І заклікаем: спыніце гвалт! Мы, як і ўвесь наш народ, маем правы і свабоды, замацаваныя ў Канстытуцыі.
Ніхто не павінен падвяргацца катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму, або зьневажальнаму абыходжаньню. Няма іншай прывілеі, акрамя адной, — правы чалавека! Мы за праўду, справядлівасьць і свабоду!», — адзначаецца ў відэазвароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя футболу пакарала «Крумкачоў» пасьля матчу, на які яны выйшлі ў майках з заклікамі супраць гвалтуДагэтуль футбалісты, хакеісты ды прадстаўнікі некаторых іншыя гульнявых дысцыплінаў не выказваліся адносна сытуацыі ў Беларусі. Іх прозьвішчаў няма пад адкрытым лістом паўтысячы спартоўцаў з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Выключэньнем менскія «Крумкачы», чыіх гульцоў затрымалі, зьбілі і хацелі судзіць за ўдзел у нападзе на ніяк неабазначаны «службовы аўтамабіль міліцыі».