Жыхароў Лагойску затрымалі і будуць судзіць на падставе сюжэту «Эўраньюз»

Euronews, ілюстрацыйнае фота

Траіх жыхароў Лагойску зьбіраюцца прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 6 верасьня, паказанай на канале Euronews. Паводле суразмоўцаў Tut.by, двое зь іх ужо пад вартай.

Аксану Бароўскую хочуць судзіць паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за ўдзел у масавай акцыі. Падставай стаў сюжэт «Эўраньюс», у якім яна дала кароткае інтэрвію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 сутак прысудзілі гарадзкому актывісту з Магілёва, які на мітынгу нёс плякат «Только раз в аду»

9 верасьня яе выклікалі ў міліцыю з нагоды канфлікту з былым начальнікам — дырэктарам мясцовага Дому творчасьці. Будынак, дзе займаюцца дзеці, у аварыйным стане. Калі яна пачала пра гэта казаць, ён паскардзіўся праваахоўнікам — маўляў, пагражала яго жыцьцю фразаю «беражыце сваё здароўе».

11 верасьня яна мусіла зноў наведаць аддзяленьне з нагоды канфлікту, аднак выявілася, што ёй ставяць у віну яшчэ і ўдзел у масавай акцыі. Адвакат Андрэй Цітоў расказаў, што яму і падабароннай прадэманстравалі сюжэт, які стаў падставай для адміністрацыйнага працэсу. Сказалі, што матэрыялы паступілі зь Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелі зламіць дух супраціву». Гісторыя маці-адзіночкі, якую на суткі кінулі ў ізалятар

З словаў юрыста, суд над Аксанай Бароўскай адбудзецца бліжэйшым часам. Дзяўчыну ня сталі заключаць пад варту, а вось Віталю Ціхановічу пашанцавала менш: яго затрымалі 11 верасьня і пасадзілі ў ІЧУ Лагойскага РАУС. Як расказала адвакатка Сьвятлана Конава, на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні на аснове таго самага відэа з «Эўраньюз». Ён таксама даваў інтэрвію.

Акрамя Бароўскай і Ціхановіча, у ІЧУ знаходзіцца яшчэ адзін жыхар Лагойску Руслан Драздовіч. Ён хоць і не даваў інтэрвію «Эўраньюз», але быў заўважаны ў кадры.