Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску, якія папрасілі палітычнага прытулку, пераначавалі ў памяшканьні амбасады Швэцыі.
«Мы пераначавалі, нас тут кормяць, пакуль што ўсё добра, да нас добра ставяцца. Але што будзе далей — пакуль невядома, будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Свабодзе Віталь Кузьнечык.
Амбасада ў суботу не працуе, уцекачы пераначавалі на яе тэрыторыі, пацьвердзілі Свабодзе яе супрацоўнікі. Як будзе разьвівацца сытуацыя з просьбай уцекачоў аб прыстанішчы, стане вядома пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мы пойдзем адсюль, нам канец». Віцябляне пераскочылі цераз плот амбасады Швэцыі ў Менску і просяць прытулку. ВІДЭАЗ Кузьнечыкамі пагутарылі швэдзкія дыпляматы, амбасадар пакуль знаходзіцца ня ў Менску. Таксама мужчыны зьвязваліся з прадстаўніцтвам ААН і праваабаронцам Алесем Бяляцкім.
У прадстаўніцтве ААН сказалі, што пытаньне павінна вырашаць швэдзкая амбасада.
Віталь Кузьнечык і ягоны сын, які займаецца бізнэсам у сфэры гандлю, 11 верасьня папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Віцебску. Некалькі дзён яны хаваліся, ведаючы, што іх шукаюць сілавікі.
«Учора пасьля 10-й мы прыйшлі да амбасады, пазванілі ў дамафон, нам не адчынілі і сказалі, што не даюць палітычнага прытулку. Але нам ужо не было куды падзецца і мы пераскочылі цераз плот у задні дворык. Мы ўключылі свае тэлефоны, калі ўжо апынуліся на тэрыторыі амбасады. Праз хвілін 10 амбасаду ўжо ачапілі амапаўцы, выйшаў кіроўца амбасады. Мы крыху схаваліся пад лесьвіцу, а амапаўцы пагрозьліва крычалі: „Аддайце іх нам, яны знаходзяцца ў вышуку!“. Але нас ніхто не аддаў, чакаем вынікаў. Мы папрасілі амбасаду, каб нас не выпускалі, іначай нас будуць перасьледаваць, невядома што прышыюць, і ёсьць пагроза жыцьцю», — сказаў Віталь Кузьнечык.
Паводле Віталя Кузьнечыка, ён і ягоны сын забясьпечаныя людзі. У сына двое дзяцей 7 і 4 гадоў. Таму яны рашыліся на такі крок не з эканамічных прычынаў.
Віталь кажа, што яны ня згодныя з вынікамі выбараў і супраць цяперашніх уладаў у Беларусі, таму штонядзелю выходзілі на акцыі пратэсту. Спачатку ўсё было мірна, а 6 верасьня пачаліся жорсткія затрыманьні. Сілавікі выхоплівалі людзей з калёны, білі дубінкамі, закідвалі ў аўтазакі. Астатнім яны перакрылі дарогу, людзі былі заблякаваныя.
«Нехта выскачыў праз турнікеты, пачалі зьбягаць, мы з сынам таксама, пабеглі ў розныя бакі. Сына пачалі хапаць, ён вырваўся, мяне зьбілі з ног, пачалі біць прыблізна сямёра амапаўцаў, потым пырснулі газ у вочы, пасьля чаго ўпаў зрок. Сын гэта ўбачыў і пабег у мой бок, і за ім пабеглі людзі. Ён скочыў у натоўп міліцыі і выхапіў мяне. У мяне ў руках былі парасон і газэта, я не адбіваўся, ляжаў на зямлі. Сын мяне выхапіў, натоўп падбег, і міліцыя адступіла. Мы адышлі ў двары, людзі далі вады, каб прамыць вочы. Дадому мы пабаяліся ісьці і хадзілі па знаёмых. Высьветлілася, што нас шукае міліцыя».
Віталь кажа, што Швэцыя самая гуманная краіна, таму яны вырашылі зьвярнуцца да яе па дапамогу.
«Швэдзкія ўлады абавязаны пачаць працэдуру разгляду»
Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка сказала, што паводле Канвэнцыі ААН аб статусе ўцекача чалавек можа зьвярнуцца да якіх-кольвек службоўцаў пэўнай дзяржавы.
«Амбасада Швэцыі — гэта фактычна тэрыторыя Швэцыі. Таму паводле працэдуры людзі могуць гэта рабіць, і цяпер усё залежыць ад унутраных працэдураў, наколькі гэта прадугледжана нацыянальным швэдзкім заканадаўствам. У прынцыпе шанцы атрымаць прыстанішча ў гэтых грамадзян ёсьць, і яны маюць права так рабіць».
Паводле Насты Лойкі, швэдзкія ўлады абавязаны пачаць працэдуру разгляду.
«Напрыклад, ім могуць даць гуманітарныя візы і папрасіць беларускі ўрад выпусьціць іх на тэрыторыю Швэцыі. Могуць быць іншыя варыянты, але іхны абавязак як мінімум пачаць працэдуру разгляду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Вугорскага паўстаньня да Асанжа: як людзі спрабавалі атрымаць прытулак у замежных амбасадахЮрыст Алесь Міхалевіч сказаў Свабодзе, што прытулак можна прасіць на тэрыторыі краіны.
«Амбасада тэарэтычна зьяўляецца тэрыторыяй краіны, тэрыторыяй Швэцыі. Але праблема, якім чынам іх пераправіць на кантынэнтальную, на асноўную частку Швэцыі. Можа быць сытуацыя як з Асанжам, калі яны будуць знаходзіцца на тэрыторыі амбасады, альбо іншы варыянт, калі Швэцыя проста папросіць іх пакінуць тэрыторыю амбасады. Але думаю, што гэтага ня здарыцца».