Прадпрымальнік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітычны вязень у мінулым Сяргей Скрабец запісаў песьню на ўласны верш «Жыве Беларусь!» Дапамагалі яму музыкі гурту «ЖЗЛ», відэакліп 12 верасьня выкладзены ў YouTube.
Паводле Сяргея Скрабца, песьню ён напісаў яшчэ ў 2006 годзе ў Віцебскай турме пасьля таго, як АМАП жорстка разагнаў Плошчу. Але чаму да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер?
«Калі я выходзіў з турмы, усе мае запісы, мая кніга і тэкст песьні былі спаленыя ва ўнутраным двары турмы пад наглядам КДБ, — тлумачыць Свабодзе колішні вязень. — Верш я ўзнаўляў з памяці, калі ўжо быў на волі. А сёлетнія падзеі закансэрваваны працэс прысьпешылі... Я надзвычай удзячны Яўгену Новашу, Канстанціну Казлову, Максіму Шынкаруку, якія з энтузіязмам узяліся і дапамаглі даць жыцьцё маёй задумцы».
У кліпе Сяргей Скрабец пад бел-чырвона-белым сьцягам, відэашэраг суправаджаецца кадрамі пратэстаў розных гадоў, уключна з драматычнымі падзеямі сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.
Сяргею Скрабцу 56 гадоў, нарадзіўся ў Лідзе. У канцы 1990-х узначаліў гандлёвы дом «Бел-Бабаеўскае». Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Уваходзіў у склад адзінай за ўсю гісторыю ніжняй палаты апазыцыйнай групы «Рэспубліка» разам з генэралам Валерам Фраловым і шматразовым алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам.
Летам 2004 году правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за вызваленьне палітвязьня, міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча. Актыўнасьць на чале «Рэспублікі» скончылася судом: быў асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня паводле эканамічных артыкулаў.
Двойчы спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты, але ня быў зарэгістраваны. У 2001 годзе подпісы за яго прызналі несапраўднымі, а ў 2006-м знаходзіўся ў СІЗА і адтуль падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты і будучага вязьня Аляксандра Казуліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году экс-дэпутат Скрабец шукае працу кіроўцыБылі пляны і на сёлетнюю кампанію, але з пэўных прычынаў давялося адмовіцца. Вось ужо 15 гадоў ён ня можа ўладкавацца на працу як дыплямаваны спэцыяліст. Прычына — «палітычнае мінулае».
Летась была прэзэнтаваная аўтабіяграфічная кніга Сяргея Скрабца, напісаная за кратамі, пад назвай «Кошт свабоды, ці Спавядальнасьць апазыцыйнага палітыка». За гэты твор ён быў уганараваны прэміяй ПЭН-Цэнтру і Радыё Свабода імя Францішка Аляхновіча.