11 верасьня двое жыхароў Віцебску — бацька і сын, Віталь (47 гадоў) і Ўладзіслаў (29 гадоў) Кузьнечыкі, — прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі. Паколькі ім не адчынілі дзьверы, яны пераскочылі цераз плот і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі амбасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мы пойдзем адсюль, нам канец». Віцябляне пераскочылі цераз плот амбасады Швэцыі ў Менску і просяць прытулку. ВІДЭАМы прыгадалі некаторыя гучныя ў міжнародным маштабе імёны людзей, якія спрабавалі атрымаць палітычны прытулак, трапіўшы на тэрыторыю замежнай амбасады ў краіне свайго жыхарства.
Імрэ Надзь
Імрэ Надзь (Nagy Imre, 1898–1958) быў прэм’ерам Вугорскай сацыялістычнай рэспублікі падчас Вугорскага паўстаньня 1956 году і прыхільнікам дэмакратычных рэформаў у краіне. Пасьля задушэньня паўстаньня савецкімі войскамі Надзь папрасіў прытулку ў амбасадзе Югаславіі. Новы прасавецкі ўрад Вугоршчыны гарантаваў яму бясьпеку, выманіў яго з амбасады і арыштаваў. Надзь быў асуджаны на сьмерць і павешаны ў ліпені 1958 году.
Ёжэф Міндсэнці
Ёжэф Міндсэнці (Mindszenty József, 1892–1975) — вугорскі кардынал, прымас Вугоршчыны. Пасьля задушэньня Вугорскага паўстаньня савецкімі войскамі Міндсэнці папрасіў прытулку ў амэрыканскай амбасадзе ў Будапэшце, дзе пражыў амаль 15 гадоў. У 1971 годзе камуністычныя ўлады Вугоршчыны ўрэшце дазволілі яму выехаць у Аўстрыю.
«Сыбірская сямёрка»
Сыбірская сямёрка — гэта савецкія пяцідзясятнікі Пётар, Аўгусьціна, Лідзія, Любоў і Лілія Вашчанкі, а таксама Марыя і Цімафей Чмыхалавы, якія з чэрвеня 1978 па красавік 1983 году знаходзіліся ў амбасадзе ЗША ў Маскве, жадаючы эміграваць з СССР паводле рэлігійных перакананьняў. Савецкія ўлады дазволілі пяцідзясятнікам эміграваць у Ізраіль, адкуль яны перабраліся ў ЗША.
Мануэль Нар’ега
Мануэль Нар’ега (Manuel Noriega, 1934–2017) — вайсковы дыктатар Панамы, пазбаўлены ўлады ў выніку амэрыканскай інтэрвэнцыі ў 1989 годзе. Папрасіў прытулку ў дыпляматычнай місіі Ватыкану, дзе прабыў 10 дзён і быў выдадзены амэрыканцам. У ЗША адседзеў 17 гадоў у турме.
Эрых Гонэкер
Эрых Гонэкер (Erich Honecker, 1912–1994) — кіраўнік Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1971—1989 гг. У сьнежні 1991 папрасіў палітычнага прытулку ў амабасадзе Чылі ў Маскве. Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын загадаў экстрадаваць хворага на рак Гонэкера ў Нямеччыну, дзе супроць яго адкрылі судовую справу. У 1993 годзе ўлады Нямеччыны дазволілі Гонэкеру выехаць у Чылі.
Джуліян Асанж
Джуліян Асанж (Julian Assange, нар. 1971) — аўстралійскі журналіст, заснавальнік сайту WikiLeaks, які публікаваў канфідэнцыйныя і сакрэтныя службовыя дакумэнты, галоўным чынам амэрыканскія.
Асанж у 2012 годзе схаваўся ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане, каб унікнуць выдачы ў Швэцыю, дзе яго падазравалі ў сэксуальных злачынствах. У красавіку 2019-га эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прытулку і выдалі яго брытанскім уладам. Цяпер ён у турме ў Лёндане.
ЗША патрабуюць экстрадаваць Асанжа адпаведна цэламу шэрагу абвінавачваньняў, зьвязаных зь незаконным атрыманьнем і публікацыяй сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону. У Злучаных Штатах Асанжу пагражае да 175 гадоў турмы.