Супраць выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, які днямі зьехаў ва Ўкраіну, завялі крымінальную справу, паведамляе sb.by са спасылкай на прадстаўніка дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Арцёма Дунько.
Сьцьвярджаецца, што Івана Краўцова падазраюць у «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі»: маўляў, ён і яго кампанія скралі 400 тысяч рублёў у Менскага гадзіньнікавага завода, і гэта выкрыў ДФР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё». Размова зь сястрой Марыі КалесьнікавайПаводле ДФР, Краўцоў зьяўляецца адным з фактычных кіраўнікоў ТАА «Архітэктурнае бюро 35» і адначасова намесьнікам дырэктара ААТ «Менскі гадзіннікавы завод». У 2015–2019 гадах ён ад імя заводу заключыў дамовы на аказаньне паслуг з падкантрольным яму «Архітэктурным бюро 35», якія фактычна не выконваліся. У выніку Менскі гадзіньнікавы завод зь лютага 2015 па травень 2019 году пералічыў кампаніі каля 400 000 рублёў, сьцьвярджае прадстаўнік ведамства.
Цяпер ДФР праводзіць ператрусы, выняцьці, арышты маёмасьці, допыты сьведак, потым справу перададуць у Сьледчы камітэт. За крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі прадугледжана пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня ведаў, што мяне чакае далей». Краўцоў і Раднянкоў расказалі, як іх затрымалі і вывезьлі ва Ўкраіну8 верасьня прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пасьля затрыманьня 7 верасьня ў Менску пад прымусам выехалі зь Беларусі ва Ўкраіну.
Спэцслужбы Беларусі плянавалі выезд і Марыі Калесьнікавай, але тая ўцякла з аўтамабіля ўжо па дарозе да мяжы з Украінай, парваўшы свой пашпарт.
Увечары Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве паведамілі падрабязнасьці іхнага затрыманьня і перамяшчэньня на мяжу. Краўцоў на прэс-канфэрэнцыі згадваў, што ў Менску пасьля затрыманьня яму пагражалі крымінальнай адказнасьцю і дэманстравалі дакумэнты, якія мелі пацьвярджаць яго «супрацьзаконную дзейнасьць» у месцах ранейшай працы.