Прэзыдэнт Літвы: «Санкцыйны сьпіс Эўразьвязу без Лукашэнкі варты ўсьмешкі»

Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрвію агенцтву BNS заявіў аб патрэбе праграмы падтрымкі Беларусі пасьля сыходу Лукашэнкі з улады. Што сказаў прэзыдэнт Літвы пра Беларусь, цытуе сайт Delfi.lt.

Пра эўрапейскія санкцыі

«Сёньня ў нас сытуацыя, калі і іншыя буйныя дзяржавы сьвету яшчэ толькі думаюць аб увядзеньні санкцый — ЗША, Вялікая Брытанія. Між тым балтыйскія дзяржавы паказалі добры прыклад, увёўшы ня толькі нацыянальны спіс санкцый, але і ўключыўшы ў гэты сьпіс і самога спадара Лукашэнку. Сьпіс без спадара Лукашэнкі, напэўна, варты толькі ўсмешкі, таму што ўсе мы выдатна разумеем, што людзі з гэтага спісу не зьяўляюцца самастойнымі выканаўцамі і ад іх мала што залежыць ва ўнутраным жыцьці Беларусі».

Пра залежнасьць Лукашэнкі ад Расеі

«Сёньня Лукашэнка проста апынуўся ў бязвыхадным становішчы, у якім поўная залежнасьць беларускай эканомікі, пазыкі, новыя патэнцыйныя праекты, такія, як БелАЭС у Астраўцы, а яна будзе толькі павялічваць гэтую фінансавую запазычанасьць і залежнасьць. Сёньня ў яго больш няма магчымасьці балансаваць паміж Усходам і Захадам, бо не засталося ніякіх шляхоў для дамовы з Захадам, бо ён сам не гатовы зь ім гаварыць. Таму ён вымушаны павярнуцца тварам да адзінага партнэру, гэта значыць да Уладзіміра Пуціна».

Пра пазыцыю Пуціна ў беларускім канфлікце

«Інтэнцыі Пуціна зусім ясныя — завяршыць тую працу, якую ён вызначаў завяршыць, мабыць, больш за 20 гадоў таму — гэта значыць цалкам аб’яднаць дзьве дзяржавы ў адзінае цэлае; і сёньня ў Лукашэнкі, у цяперашніх абставінах, вельмі мала рычагоў, каб выстаяць пад гэтым інтэграцыйным ціскам».

Пра дапамогу Беларусі без Лукашэнкі

«Дапамога грамадзянскай супольнасьці, студэнтам, усім пацярпелым ад жорсткасьці рэжыму павінна быць дадзеная, варта выпрацаваць эканамічную праграму на той выпадак, калі Беларусь усё ж выбера шлях без Лукашэнкі. Сёньня мы павінны пра гэта дыскутаваць».

Пра падтрымку Ціханоўскай

«Мы можам лічыць, вядома, спадарыню Ціханоўскую пераможцай на падставе ўскосных доказаў. Паглядзіце, калі арганізоўваліся два мітынгі — адзін у падтрымку Лукашэнкі, другі ў падтрымку Ціханоўскай — на першы мітынг людзей прымушалі ісьці сілай, плацілі грошы, пагражалі. Колькі сабралася: крыху больш за 10 000. На другі мітынг, на які настойліва і з пагрозамі прапаноўвалася не ісьці і ня ўдзельнічаць у ім, без усялякіх просьбаў і заклікаў сабраліся 200 тысяч чалавек ці нават больш. Ці не зьяўляецца гэта дастаткова красамоўным фактарам, які паказвае, на баку якога лідэра жыхары Беларусі?»

Пра выйсьце з канфлікту ў Беларусі

«Канец гэты можа быць толькі адзін — новыя выбары, у якіх свабодна маглі б удзельнічаць усе кандыдаты, а ня быць выкінутымі з дыстанцыі разнастайнымі спосабамі; вяртаньне ўсіх палітычных дысыдэнтаў, колькасьць якіх цяпер усё працягвае павялічвацца. Тады мы маглі б гаварыць пра сапраўдныя выбары з вонкавым наглядам, у правільных умовах, і тады мы вызначылі б, хто зьяўляецца сапраўдным лідэрам Беларусі. А якому шляху яна аддасьць перавагу: на Захад, на Ўсход, на Поўдзень або на Поўнач, — гэта выбар беларускага народу, і ні ў кога звонку няма права аказваць нейкі ўплыў », - сказаў прэзыдэнт.