Раніцай 11 верасьня каля Менскага абласнога суду затрымалі прынамсі шэсьць чалавек. У судзе разглядалася справа «Беларуськалію» супраць сяброў страйкаму.
Спачатку затрымалі маладога чалавека, які стаяў у касцы гарняка з таблічкай «Спыніце гвалт».
Пазьней сілавікі ў зялёнай форме і цывільным і ў балаклавах затрымалі чатырох дзяўчат, якія таксама пікетавалі будынак суда. На дзяўчатах былі каскі, яны трымалі плякат «Салігорск — соль зямлі».
Яшчэ адну дзяўчыну затрымалі, калі яна накінулася на чалавека ў цывільным і зьняла зь яго твару маску. Дзяўчыну пасадзілі ў сіні мікрааўтобус з прымяненьнем грубай сілы, бо яна актыўна супраціўлялася, паведамляе БелаПАН.
У судовую залю ўпусьцілі ў асноўным журналістаў. Для большасьці тых, хто зьбіраліся прайсьці на працэс, няма месцаў, бо ўведзеныя абмежаваньні з-за каранавірусу. У залю прайшоў былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў.