Дата дня
11 верасьня 1530 году у Вільні памёр князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзяяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Ён камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.
Таксама ў гэты дзень
1918 — выйшаў дэкрэт аб увядзеньні міжнароднай мэтрычнай сыстэмы мер і вагі на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Для гэтага быў устаноўлены пераходны пэрыяд да 31 студзеня 1924 году. Пайшлі ў гісторыю вёрсты, фунты, сажні ды іншае.
2001 — адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была зробленая з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два самалёты разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсыльваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.
У гэты дзень нарадзіліся
1855 — Еўдакім Раманаў, беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст
1865 — латыскі паэт Яніс Райніс.
1877 — Фэлікс Дзяржынскі. Камуністычны дзяяч, стваральнік рэпрэсіўнае сыстэмы ў Савецкім Саюзе. Быў старшынём ВЧК, пасьля ГПУ, ініцыятарам стварэньня ГУЛАГу. Нарадзіўся ў былым маёнтку Дзяржынава пад Стоўпцамі.
1953 — беларускі пісьменьнік Вінцэсь Мудроў.
1972 — беларускі пісьменьнік Алесь Пашкевіч. Аўтар, сярод іншага, дакумэнтальнага раману «Пляц Волі» і раману-біяграфіі «Круг», прысьвечанага Ўладзімеру Дубоўку.
У памяці
1937 — савецкія карныя органы расстралялі беларускага палітыка Язэпа Мамоньку. Мамонька быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР і арганізатарам беларускай партыі эсэраў.
1971 — Мікіта Хрушчоў, кіраўнік СССР.
1973 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі, забіты путчыстамі.
2016 — памёр Юры Хадыка, беларускі фізык, палітык, прафэсар, актыўны ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія гады ён жыў у ЗША, у сям’і сына.