Амбасадар Украіны Кізім: «На мяжы мае рэчы надгледзелі. За 27 гадоў працы не сутыкаўся з такім стаўленьнем»

Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, якога адклікалі ў Кіеў «для ацэнкі пэрспэктываў беларуска-ўкраінскіх адносін у новай рэальнасьці», пасьля вяртаньня ў Менск даў інтэрвію ўкраінскаму выданьню hromadske.ua, у якім расказаў пра прычыны адкліканьня ў Кіеў і пра тое, як вяртаўся ў Беларусь.

Пра прычыны адкліканьня ў Кіеў

Ігар Кізім патлумачыў, што рашэньне адклікаць яго ва Ўкраіну для дадатковых кансультацый было прынятае зь некалькіх прычын:

  • сытуацыя з выбарамі ў Беларусі, жорсткае падаўленьне пратэстаў,
  • сытуацыя з «вагнэраўцамі»,
  • беспадстаўныя абвінавачаньні з боку Беларусі ў тым, што Ўкраіна нібыта ўмешваецца ў працэсы, якія адбываюцца пасьля выбараў.

«Я ўпершыню з такім сутыкнуўся»: пра затрыманьні ўкраінцаў на акцыях пратэсту ў Беларусі

Ігар Кізім згадаў затрыманьні ўкраінцаў на акцыях пратэсту ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле яго, адразу пасьля пачатку затрыманьняў прадстаўнікі амбасады Ўкраіны зьвярнуліся ў міліцыю, МЗС Беларусі, каб ім далі ўсе сьпісы ўкраінцаў, якія былі затрыманыя, але «гэты сьпіс мы атрымалі дзён празь пяць, калі большасьць ужо выйшла».

«Тое, што мы шукалі людзей па ўсіх гэтых установах, не маглі знайсьці сьпісы і гэтак далей — я ўпершыню з такім сутыкнуўся, шчыра скажу. Гэта выклікала ў мяне зьдзіўленьне — што гэта робіцца і для чаго. Гэта некарэктна, гэта няправільна, такога ня можа быць у цывілізаваным сьвеце, у 21-м стагодзьдзі», — сказаў Ігар Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўпершыню ў гісторыі адклікала свайго амбасадара зь Менску

«Беларускі бок пільна глядзіць, хто заяжджае ў Беларусь»

На пытаньне, наколькі цяпер украінцам небясьпечна ехаць у Беларусь, Ігар Кізім адказаў, што «беларускі бок вельмі пільна глядзіць на тых, хто заяжджае ў Беларусь».

«Нават сёньня была інфармацыя, што групу вэтэранаў Чарнобылю не прапусьцілі, хоць была папярэдняя дамоўленасьць», — расказаў амбасадар пра чарговы нядопуск украінцаў у Беларусь.

Ён дадаў, што калі вяртаўся ў Беларусь, ягоныя асабістыя рэчы надгледзелі.

«Калі я перасякаў мяжу, вяртаючыся на ўласным транспарце з Украіны, я стаў аб’ектам надгляду. Надгледзелі мае асабістыя рэчы, што ўвогуле не адпавядае дыпляматычнай практыцы. Прымусілі мяне адчыніць аўтамабіль, паказаць, што ў багажніку. Я за 27 гадоў працы ні разу не сутыкаўся з такім стаўленьнем да амбасадара Ўкраіны», — сказаў Ігар Кізім.

У інтэрвію Tut.by амбасадар назваў гэта правакацыяй і дадаў, што амбасада Ўкраіны накіравала адпаведную ноту ў МЗС Беларусі з гэтай нагоды.

Пра перададзеных Расеі «вагнэраўцаў»

Што тычыцца затрыманых прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэра», якіх адправілі ў Расею, Ігар Кізім сказаў, што крытычна ставіцца да заўваг беларускага боку, што Ўкраіна не накіроўвала адпаведных запытаў, «таму што запыты на самой справе былі».

Таксама, як падкрэсьлівае амбасадар, падчас размовы Ўладзіміра Зяленскага з Лукашэнкам «гэта было адно з ключавых пытаньняў» і «былі пэўныя дамоўленасьці, што беларускі бок пойдзе на нейкія крокі для прыцягненьня гэтых людзей да адказнасьці».

«Што самае галоўнае ў адносінах паміж любымі краінамі? Давер. Пачынаецца ён з кіраўнікоў дзяржаў. На маю думку, тое, што адбылося з „вагнэраўцамі“, не садзейнічала захаваньню гэтага даверу», — падкрэсьліў Ігар Кізім і сказаў, што каб аднавіць страчаны давер, спатрэбіцца шмат часу.