Лідэр J:Морс назваў адмену канцэрту у Маладэчне палітычна матываванай

Акустычны канцэрт гурту «J:Морс», здымак 2019 году

У Маладэчне канцэрт гурту «J:Морс» адмянілі за суткі нібыта праз COVID-19 і надворʼе. Лідэр гурту Ўладзімер Пугач лічыць рашэньне палітычна матываваным, піша Tut.by. Раней Пугач увайшоў у Каардынацыйную раду, а гурт выпусьціў песьню, прысьвечаную пратэстам.

Дамову на канцэрт гурту «J:Морс» арганізатар мерапрыемства і дзяржаўная ўстанова «Палац культуры Маладэчна» заключылі яшчэ 15 студзеня. З прычыны каранавірусу канцэрт спачатку перанесьлі на лета, а пасьля на восень. Канцэрт меўся адбыцца 10 верасьня, але за суткі арганізатар — канцэртнае агенцтва «4А-Івент» — атрымала ліст, у якім сьцьвярджалася, што праз эпідэміялягічную абстаноўку, парады Мінздароўя і кепскае надворʼе гараджане здаюць квіткі, а праводзіць канцэрт немэтазгодна.

«Да цяперашняга часу эпідэміялягічная сытуацыя не стабілізавалася, што ўплывае на рэалізацыю квіткоў і, адпаведна, на рэнтабэльнасьць праекту. Акрамя таго, апошнім часам гараджане здаюць квіткі праз прагназаваныя неспрыяльныя ўмовы надворʼя», – сьцьвярджаецца ў лісьце, падпісаным дырэктаркай Палаца культуры Сьвятланай Сарокай.

«Высновы рабіце самі. Скажам толькі, што ніводнага разу за дзесяцігодзьдзі нашай гастрольнай дзейнасьці канцэрты не адмянялі за суткі з названых прычын», — напісалі ў інстаграм-акаўнце гурту.

Лідэр гурту Ўладзімер Пугач лічыць прычыны адмены канцэрту трызьненьнем, бо ніхто з такім прычын не адмяняе канцэрт за дзень. А сытуацыя з каранавірусам і дынаміка продажу квіткоў была зразумелая і тыдзень таму.

Пугач лічыць, што ім маглі прапанаваць зноў перанесьці канцэрт. Гурт дамовіўся пра перанос канцэрту на 11 сьнежня.

«Мы б проста выбачыліся перад гледачамі і жылі б неяк далей. Але калі людзі, якія набылі квіткі, даведваюцца ў дзень канцэрту, што ён адмяняецца, гэта непрыгожа. Сытуацыя мне падказвае, што сам ДК [Палац культуры] быў гатовы праводзіць канцэрт, але, хутчэй за ўсё, ім параілі вышэйшыя арганізацыі яго не праводзіць», — сказаў Пугач.

У верасьні гурт «J:Морс» выпусьціў песьню «Даруй», прысьвечаную пратэстам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Сам Пугач у жніўні ўвайшоў у Каардынацыйную раду. У чэрвені Пугач падтрымаў прапанаваны Віктарам Бабарыкам рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году.