Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 73 591 чалавек. Прырост за апошнія суткі склаў 189 чалавек, 6 чалавек памерлі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Ведамства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 72 203 пацыентаў, за суткі — 204. Агулам праведзена 1 618 213 тэстаў на каранавірусную інфэкцыю.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласьцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Больш як чатыры месяцы не праводзяцца прэс-канфэрэнцыі на гэтую тэму.
Аляксандар Лукашэнка днямі на паседжаньні з чальцамі Савету бясьпекі адзначыў, што становішча ў Беларусі на фоне пандэміі значна лепшае, чым у іншых дзяржавах. Ён праанансаваў, што ў верасьні пачнуцца клінічныя выпрабаваньні расейскай вакцыны ад COVID-19.