Міліцыя і спэцслужбы аднавілі паляваньне на бел-чырвона-белы сьцяг, але цярпяць у гэтай напружанай барацьбе штохвілінную паразу.
Амапаўцы палююць цяпер ужо і на дзяўчат, якія накідваюць на плечы бел-чырвона-белы сьцяг, а судзьдзі прыраўноўваюць гэта да ўдзелу ў несанкцыяваным пікеце.
Па ўсёй Беларусі ў паштовыя скрыні былі ўкінутыя ўлёткі, у якіх нагадвалася, што бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся калябарантамі ў часе нацысцкай акупацыі. Але гэта можа быць успрынята толькі тымі, хто і раней адмоўна ставіўся да нацыянальнага сымбалю. Большасьць жа паставілася да гэта спакойна: на акупаваных нацыстамі тэрыторыях выкарыстоўваліся нацыянальныя сьцягі, а армія Ўласава ваявала пад трыкалёрам, які цяпер зьяўляецца дзяржаўным сьцягам РФ.
Прыгадваюцца словы дэпутата Апазыцыі БНФ Лявона Баршчэўскага на сэсіі Вярхоўнага Савету ў адказ на аргумэнт пра калябарантаў: «Гітлер насіў штаны, дык што, нам цяпер без штаноў хадзіць?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары менскага дому не даюць зьняць бел-чырвона-белы сьцяг. ВІДЭАУ апошнія тыдні бел-чырвона-белы сьцяг не атаясамліваецца толькі з апазыцыяй і ўспрымаецца ў тым ліку і як сымбаль пратэставага руху.
Бел-чырвона-белы колер зьяўляецца паўсюль, прычым часта ўлады бясьсільныя: можна падагнаць пажарныя лескі і зьняць сьцяг з дваццатага паверху, але што рабіць з флэш-мобам студэнтаў, якія апранаюцца хто ў белае, хто ў чырвонае, і адпаведным чынам рассаджваюцца ў аўдыторыях? Выкладчык, які загадае ім перасесьці, зробіць сваё імя пасьмешышчам на ўсе будучыя пакаленьні студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі менскага пажарнага, які папярэдзіў жыхароў, што іх сьцяг едуць здымацьІ вось гэта самае дыскамфортнае для ўладаў — у сваім змаганьні з нацыянальным сымбалем яны ўсё часьцей ставяць сябе ў камічную сытуацыю. Напрыклад, калі бамбізы ў вайсковай форме зразаюць стужачкі з агароджаў (а на раніцу потым зьяўляюцца новыя).
Застаецца толькі паслаць узводы АМАПу ў двары, куды жыхары выносяць гіганцкія бел-чырвона-белыя тарты з «Пагоняй», з загадам імгненна іх зьнішчыць шляхам паяданьня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.