40% расейцаў ухваляюць дзеяньні Лукашэнкі супраць пратэстоўцаў, 20% не ўхваляюць, — апытаньне ФОМ

39% расейцаў з тых, хто ведае пра цяперашнія падзеі ў Беларусі, лічаць, што Аляксандар Лукашэнка правільна дзейнічае ў сытуацыі, якая склалася. Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня Фонду «Общественное мнение» (ФОМ), абнародаваныя «​Інтэрфаксам».

Усерасейскае апытаньне было праведзена 28-30 жніўня сёлета сярод 1000 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых.

Паводле вынікаў дасьледаваньня, сярод расейцаў ва ўзросьце, старэйшым за 60 гадоў, больш за палову (55%) лічаць, што Лукашэнка правільна рэагуе на сытуацыю ў краіне.

У сваю чаргу, 21% расейцаў, якія ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі, схільныя лічыць няправільнымі дзеяньні кіраўніка Беларусі, сярод рэспандэнтаў ва ўзросьце 18-30 гадоў такой думкі прытрымліваецца кожны трэці (34%) апытаны.

Сацыёлягі адзначаюць, што аб масавых пратэстах у Беларусі інфармаваныя 87% удзельнікаў апытаньня: 30% рэспандэнтаў сказалі, што добра пра гэта ведаюць, 57% — што інфармаваныя ў агульных рысах.