Камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека прыняў заяву аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і прапанаваў заснаваць міжнародны сьледчы орган для збору інфармацыі і доказаў аб правапарушэньнях у Беларусі.
У заяве сказана, што камітэт ПАРЭ атрымаў шматлікія паведамленьні аб масавых і сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, і з прычыны выяўленых парушэньняў адмаўляецца прызнаць вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і настойвае на правядзеньні паўторных выбараў.
Вінаватыя ў сурʼёзных парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і іх наступствах мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці, падкрэсьліваецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКаб даць выразны сыгнал усім супрацоўнікам сілаў бясьпекі Беларусі аб тым, што сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека не застануцца беспакаранымі, Рада Эўропы ў супрацоўніцтве зь іншымі міжнароднымі органамі «ў тэрміновым парадку створыць міжнародны сьледчы орган для збору інфармацыі і забесьпячэньня доказаў аб злачынствах у галіне правоў чалавека ў Беларусі».
«І беларускія ўлады, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці павінны быць запрошаныя да супрацоўніцтва ў гэтым расьсьледаваньні, вынікі якога будуць апублікаваныя і прадстаўленыя любым нацыянальным або міжнародным праваахоўным органам, якія хочуць і здольныя перасьледаваць у судовым парадку масавыя парушэньні правоў чалавека, зьдзейсьненыя ў Беларусі».